Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 14

К Акула

Вонкава курсанты прэзэнтавалiся блага. Як прыгадвалася вышэй, вопраткай iх мусiла забясьпечыць Беларуская Самапомач. Ясна, што нiякага абмундараваньня яна даць не магла. Таму кажны насiў што папала, а гэта выглядала надта розна. Аднак, незалежна ад гэтага, настрой панаваў добры. Сiвы бацька крочыў у такт зь бязвусым сынам, колiшнi савецкi лейтанант - побач з ранейшым польскiм падхаронжым. У часе перапынкаў чулiся дасьцiпныя жарты й вясёлы сьмех. Камандзеры курсу былi задаволены з добра праведзенай працы.

Зарганiзаваныя ў вакругах батальёны Самааховы, па адным у кажнай, вонкава ў выглядзе мала чым розьнiлiся ад партызанаў. Зброя й амунiцыя былi самыя розныя. Здаралася, што апошняя не пасавала да першай. Усё-ж, нягледзячы на розныя цяжкасьцi й недахопы, батальёны добра сябе выявiлi ў змаганьнi з чырвонымi партызанамi. Праiснавалi яны аж да адыходу немцаў зь Беларусi. Пад час эвакуацыi шмат людзей разыйшлося па хатах, частка-ж адступiла на захад i пазьней улiлася ў 30-ю дывiзiю Зiглiнга.

Калi вышэй мы гаварылi, што д-р Ермачэнка, старшыня Беларускае Самапомачы, гаварыў немцам аб патрэбе арганiзацыi беларускiх збройных адзьдзелаў толькi пад цiскам беларускага грамадзтва, дык зусiм не прыпадкова. Д-р Iван Ермачэнка быў нямецкiм стаўленьнiкам i надта верна служыў сваiм гаспадаром. Акрамя намiнальнага старшынства Беларускае Самапомачы, пэўна-ж, заглядаў i ў iншыя, не зусiм чыстыя "справы". Гэта якраз ён спрычынiўся да загубы беларускiх каталiцкiх сьвятароў Глякоўскага й Мальца ды сьветлага патрыёта ксяндза В.Гадлеўскага, першага генэральнага iнспэктара беларускiх школаў i закладчыка нелегальнае Беларускае Незалежнiцкае Партыi.

Калi пасьля арышту немцамi сьвятароў беларускае грамадзтва дамагалася ад Ермачэнкi, каб выступiў перад немцамi ў iхнай абароне, той наадрэз адмовiўся.

Пад вясну 1943 году д-р Ермачэнка скампрамiтаваўся перад сваймi гаспадарамi. Немцам удалося высьлядзiць, што старшыня БСП цэлымi вагонамi адсылае ў Чэскую Прагу беларускае сала. Тут мо выраз "немцам удалося высьлядзiць" зусiм не адпаведны й сьмешны. Бо i як-жа Ермачэнка сам мог адсылаць сала, ды яшчэ й цэлымi вагонамi, бяз супрацоўнiцтва зь немцамi? Мусiў-жа мець супольнiкаў. Пасьля паказалася, што яно так i было.

У Чэскай Празе жыла Ермачэнкава жонка, а давераныя людцы на рынках па спекуляцыйных цэнах збывалi тавар, прызначаны на прахарчаваньне поўгалоднага Менску. Грошы, ведама, iшлi ў кiшэнi нясьцiплага лекара й ягоных супольнiкаў. Некаму з апошнiх, мусiць, замала дасталося, бо, пэўна-ж, пачаў жалiцца, справа выйшла наверх, ну - а пасьля-ж, ведама, - у лiку iншых i Iван Ермачэнка паляцеў з цёплага местачка.

Плёткi апавялi, што ў Бэрлiне адбыўся над Ермачэнкам суд, што быццам яго пасадзiлi ў вязнiцу й iншае. Адылi пасьля выявiлася, што ня толькi сам лекар застаўся цэленькiм i добра нагрэтым, але што ў афэру былi замешаныя некаторыя нямецкiя службоўцы Генэральнага Камiсарыяту. Пасьля Ермачэнкi на старшыню Беларускае Самапомачы быў паклiканы Юры Сабалеўскi, што й займаў становiшча да канца вайны.