Читать «За волю (на белорусском языке)» онлайн - страница 87

К Акула

- Гэта якраз галоўнае, што маю вырашыць. Я ведаю, што Вера - гэта выдатны матар'ял, цi адзiн дзяцюк хацеў-бы на яе сваю лапу палажыць... Але... ведаеце, яна цалкам i вельмi мiлая асоба, апроч таго - прыгожая, характар, iнтэлект...

- Пра гэты iнтэлект, як ты яго згадаў. Цi не занадта яна здольная?

- Як гэта разумець?

- Калi сказаць табе, Алесь, праўду, дык я думаю пра яе ад учарашняй сустрэчы.

Алесь пачаставаў пiсьменьнiка цыгарэтамi. Закурылi.

- Ну i? - пытаўся Алесь.

- Яна выглядае выключна здольнай. Некаторае пра яе проста ня месьцiцца ў маёй галаве. Прыкладна: ейная беларуская мова i зацiкаўленьне нашымi суродзiчамi. Яна-ж вельмi цiкавiцца нашымi, цi-ж ня так?

- Ага, цiкавiцца.

- I ты ўжо, пэўне, пазнаёмiў яе з многiмi.

- Так, але...

- Я так i меркаваў.

- А што-ж тут дзiўнага?

- Дзiўнага? Ёсьць магчымасьць, што яе нехта сюды паслаў з пэўнай мэтай! - Гэткае меркаваньне Шпак выказаў паволi i цьвёрдым, упэўненым голасам. Задумаўшыся, мужчыны пiльна пазiралi адзiн аднаму ў вочы.

- Ня можа быць! - наўмысна голасна, быццам жадаючы самога сябе пераканаць, сказаў Алесь. - Гэта запраўдны нонсэнс, я ўпэўнены. Я сустрэў яе ў краме, дзе яе прынялi без майго ведама на працу. Пазнаёмiлiся ды закахалiся.

- Прабач мне за наступнае пытаньне.

- Калi ласка.

- Цi ты сьпiш зь ёю?

- Ды не. Нiколi больш пацалунку.

Алесь прыгадаў учарашняе й на мiг падумаў, цi расказаць пiсьменьнiку пра тое, але пастанавiў маўчаць.

- Чаму не? - прадаўжаў цiкавiцца Шпак.

- Як вам тут адказаць? Спадзяюся, што зразумееце. Для мяне яна ёсьць больш, чымся звычайная нармальная i прыгожая дзяўчына. Я ведаў не адну дзяўчыну й выбiраў. А гэткай, вось такога арыгiналу, як гэтая - не сустракаў яшчэ. Яна не малюе сябе, як iншыя, яна сумленная i чыстая, працавiтая... Вера для мяне - быццам польны сьцiплы рамонак. Коратка гаворачы, яна ўвасобiла тыя якасьцi, якiх я шукаў у дзяўчат. Апроч таго, - i цi не самая важнае - яна беларускага паходжаньня. Спадзяюся, што мяне разумееце?

- Здаецца, што так, толькi...

- Толькi?

- Не хачу цябе бянтэжыць цi ўпiкнуць. Ня траць галавы. I памятай, што атрута падаецца нагледжанай ахвяры ў найпрыгажэйшай i найбольш дарагой чашы!

- Божа мой! Як гэта вы такое... Што з вамi?!

Шпак маўчаў.

- Няважна, забудзься, што я сказаў, не бяры гэтага ўсур'ёз. Магчыма, што я шукаю дзiрак у цэлым. Можа быць, што ўплывае на мяне й пiхае на падазрэньнi мой собскi лёс. Магчыма, што на старыя гады развагу трачу. Прабач мне, што я сугэраваў такую магчымасьць. Кахай дзяўчыну, цешся поўным жыцьцём.

Пiсьменьнiк, здалося Алесю, быццам шакiраваў сябе за тое, што прадугледзiў адну магчымасьць. Цi падазрэньнi ягоныя запраўды маглi мець якую аснову?

Калi Вера ўстала, памылася, зачасалася, неяк паказённаму з Алесем прывiталася. У вачох ейных спасьцярог Алесь нешта новае, чаго ўчора там ня было: ледзь-ледзь прыкметную цьвёрдасьць. Намагалася быць ветлiвай, вясёлай, але ўсё гэта, вiдаць было, не зьлiквiдавала мiж ёй i Алесем пэўнай напружанасьцi.

28

Шмат якiя суродзiчы пыталiся Алеся якiм чынам, на ягоную думку, iхныя адрасы маглi трапiць на камунiстычную паштовую лiсту. - Што сталася? Мы нiкому, апроч цябе й некаторых зусiм давераных асобаў, не давалi цяперашнiх адрасоў. Цi можа якi бальшавiцкi агент празь цябе атрымаў нашы адрасы?