Читать «За волю (на белорусском языке)» онлайн - страница 89

К Акула

- Дзякую за добрую iдэю, - скрывiўся на твары Алесь. - Буду прыглядацца i прыслухоўвацца.

Алесь падзякаваў Макнулты за ягоны час, выйшаў на вулiцу, сеў у сваё аўта й думаў. Кажны год у першы панядзелак верасьня ў Злучаных Штатах i Канадзе ёсьць так званы Labor Day. Даслоўна гэта азначае "дзень працоўных", канкрэтна - сьвята працоўных. Людзi ня йдуць на працу, кампанii iм усёроўна за гэты дзень плацяць, а працоўныя зь iндустрыi ладзяць розныя дэманстрацыi, у якiх рэклямуюць свае дамаганьнi й палiтычныя праграмы. Нашы суродзiчы празвалi гэны дзень сьвятам Лебярдзея.

У 1952-м годзе на канадыйскiм баку Нягары 5-га i 6-га лiпеня Беларусы ЗША й Канады зарганiзавалi першую Сустрэчу Беларускай Моладзi Паўночнай Амэрыкi i сьвяткавалi Купальле. Прысутных вiтаў, як пiсала газэта "Беларускi Эмiгрант", i "надзвычайны паўнамоцны першага ўраду Беларускай Народнай Рэспублiкi ў ЗША, спадар Янка Чарапук-Змагар". Гэткiм чынам змагары за незалежную Беларускую Народную Рэспублiку, што вялi вызвольную працу ад часу ўстанаўленьня БНР 25-га Сакавiка ў Менску, цяпер, на амэрыканскiм кантынэньце, перадалi сымбалiчны сьцяг таго змаганьня беларускай моладзi, якая пасьля апошняй вайны тут пасялiлася. Гэнае сьвята Купальля, з удзелам старэйшых векам суродзiчаў i шматлiкае колькасьцi моладзi, дало пачатак наступным сустрэчам Беларусаў Паўночнай Амэрыкi, што пачалi адбывацца раз на два гады ў Канадзе або ў ЗША. Прысуседзiлi сустрэчы, - каб усiм было выгадна й часу хапала, - да таго-ж самага Лебярдзея, значыцца на канец тыдня, каторы той Лебярдзееў панядзелак папярэджваў.

Сёлета чарговая такая сустрэча Беларусаў Паўночнае Амэрыкi мае адбыцца ў Радфардзе, - прыгадаў Алесь Якiмовiч. I вось што... Чаму-б на ёй ня выдумаць нешта новае супраць гэтае камунiстычнае поскудзi? На гэткiя сустрэчы звычайна зьбiраецца маса суродзiчаў ня толькi з Амэрыкi, але бываюць i госьцi зь iншых кантынэнтаў сьвету, дзе ёсьць дзейныя i зарганiзаваныя беларускiя нацыянальныя асяродкi. Чаму-б сёлета на сустрэчы суродзiчаў Паўночна-амэрыканскага кантынэнту не пачаць добра заплянаванай контратакi супраць бальшавiцкае агентуры з Усходняга Бэрлiну?

29

Апошнiмi часамi Веры спакваля пачало падабацца адзiноцтва. Магла чытаць, нiхто не перашкаджаў. Сяброўка на кватэры, Нiна Ляскiн, пiльнавала яе, распытвалася заўсёды - хто, што, дзе, калi i як? - пэўне-ж зь нейкай мэтай. Веру квялiла гэта. Нават забаўлялася думкай, што цi ня лепш выбрацца адсюль. Тымчасам адно разважала.

Цяпер яна выгадна выцягнулася на канапе, ськiнула з ног рудыя шлёпкi-макасыны, з задаваленьнем агледзела прыгожа загарэлыя лыткi ды зноў пачала жваць сырую моркаўку. Ззамоладу любiла сырую гароднiну. Цяпер лянiвым рухам левае рукi разлажыла малую ўсходня-бэрлiнскую газэтку побач на кафейным столiку, акiнула зрокам першую бачыну. Нiчога тут цiкавага. На трэцяй бачыне з правага верхняга кута паглядаў на яе... Не, ня можа быць! Але, запраўды ён, Алесь Якiмовiч. Дзяўчына, каб ужо зусiм упэўнiцца, амаль што носам у тую бачыну ткнула. Так, ён, - сумлеваў няма, - Алесь Якiмовiч, ейны дарлiнг!