Читать «За волю (на белорусском языке)» онлайн - страница 36

К Акула

- Добра, - згадзiўся Якiмовiч. - Калi йдзе пра тое, каб нiчога не рабiць, дык пабачым на месцы.

Алесь завярнуў свой Олдсмабiл, лёгка ўцiснуўся ў вулiчную хвалю, што плыла ў кiрунку возера, а там шмыгнуў на той вялiкi экспрэсвэй у захаднiм кiрунку. Хвiлiн дваццаць пасьля зьехаў на малую дарогу, якая прывяла да возера. Калi-ж i тая дарога згубiлася недзе ў высокай, дзiкай траве ў старым, што адмiраў, садзе, дзяцюк спынiў аўтамабiль пад старой разложыстай яблыняй. Зьдзiўленая дзяўчына вылезла з аўтамабiля, разглядалася.

- Эй, гэта цудоўна! - усклiкнула яна. - Я спадзявалася, што мы едзем некуды дзе ёсьць цывiлiзацыя.

- Яе, гэтай цывiлiзацыi, поўна й тут, - адказаў Алесь. - Толькi глянь навокал.

Вера заўважыла яшчэ два аўты, што стаялi воддаль. З-над возера далятаў гоман. Алесь узяў ваўнянае пакрывала iз свайго аўта, Вера прыхапiла падарожную торбу. У траве вышэй каленяў ледзь пратаптаная сьцежка абрывам спушчалася да пляжы. Ля вады сядзелi старэйшыя, дзецi гулялi ў пяску й боцькалiся ля берагу ў вадзе. Няшмат людзей, раскошна тут. Лёгкi вецярок з паўдня ледзь варушыў ваду. Возера гэта, якое фактычна ёсьць морам, бо праз раку Сан Лорэнс лучылася з Атлянтычным акiянам, гэтае несалёнае мора сяньня даволi спакойнае. Воддаль на гарызоньце застылi, здавалася, пярынкi ветразяў лодак зь мясцовага яхт-клюбу.

- Як тут цудоўна! - захаплялася Вера. - Поўна месца, адзiн другому на нагу не наступiць.

- Я задаволены, што табе падабаецца. Добрае месца, дый мала хто сюды прыяжджае. Цяпер што будзем рабiць? Хочаш купацца?

- Што за пытаньне! Недзе мой купальнiк тут узяла. А дзе перапрануцца?

- Можаш у аўтамабiлi.

- Окэй, пачакай.

- Я нiкуды не ўцякаю.

Гутарку вялi ў сяброўскiм тоне. Адразу ў iх так пайшло, безь якiх-небудзь намаганьняў. Алесь чакаў няшмат, разаслаў тое пакрывала, ляжаў на жываце, цешыўся сонцам. Калi дзяўчына зьявiлася з саду, дзяцюку карцiла добра сьвiснуць з захапленьня, але стрымаўся.

- Ого! Якая ты прыгожая!

Вера пазiрала на Алеся ўважна, быццам каб упэўнiцца ў ягонай шчырасьцi.

- Цi можаш мне сказаць якiм плянам яны карысталiся, калi цябе праектавалi?

- Захоўваешся так, як быццам нiколi дзяўчыны ў купальнiку ня бачыў! дакарала Вера зь ледзь выразнай усьмешкай, што кружыла навокал выдатна аформленых вуснаў.

- Мне здавалася, што ты не запярэчыш шчыраму захапленьню. Ляля, цаца, спакуса! Ты належыш у казачныя прыгажунi, табе хвалу павiнны сьпяваць розныя гарлапаны-маестры са сцэнаў, а красой тваёй павiнны насалоджвацца мiльёны!

- Гэта хто так сказаў?

- Я кажу! I прысягаю, што зусiм шчыра.

Захоплены Алесь бачыў перад сабою рэдкую красу. Вочы ягоныя, як загiпнатызаваныя, вандравалi ад пальчыкаў на ступнях, па лытках, сьцёгнах, даўжэй затрымалiся на грудзёх. Выдатны экспанат тварэньня генiяльнага майстры дасканаласьцi. У дзяцюковым уяўленьнi, для параўнаньня, мiльгалi мадэлькi, уключна зь мiтычнымi Вэнэрамi ды Афрадытамi. А гэтая вось, што перад iм, - сьцiпласьць у абдымках прыгажосьцi, - павярнулася бокам, правакацыйая iскра ў прамянiстых вачох, усьмiхнулася.