Читать «За волю (на белорусском языке)» онлайн - страница 34

К Акула

11

Горкае дзяцiнства i вайна шмат чаго навучылi. Цяперашняга Алеся можна было-б назваць мэтадычным чалавекам. Няважна якiя былi пляны цi задумы-праекты, дзяцюк меў пэўную, зь якой абжыўся, мэтоду. Калi йшло пра нешта другараднае ды былi добрыя задаткi на посьпех, грунтоўнае камбiнаваньне адпадала. Калi-ж на прыцэл трэба было ўзяць i здабыць запраўды нешта важнае, а вiд на посьпех сумлеўны, Алесь пачынаў плянаваць кажную драбнiцу. На першым этапе ставiў разьведку. Старая i мудрая прыказка: сем разоў адмер i раз адрэж. Пасьля добрае разьведкi, зьнюхаўшы-пранюхаўшы, можна было сур'ёзна брацца. Мэтад пэўны i зь няпамятных часоў выдатнымi людзьмi практыкаваны. Алесь любiў выклiк, калi меў нейкiя шансы на посьпех. У адносiнах да дзевак большага плянаваньня не патрабавалася, хаця разьведка была цалкам неабходная.

Калi Вера Мак зьявiлася яму на вока, Алесь узяўся за разьведку. Перш за ўсё фiзычны выгляд дзяўчыны. Цаца, ляля! Яна прыцягвала да сябе ўвагу й вочы перадусiм юрлiвых дзяцюкоў. Бурлiла маладая кроў. Карысным для Алеся дадаткам было й тое, што дзяўчына быццам апынулася пад ягонай уладай у краме, значыцца ў нечым ад яго залежнай. Праўда, надужываньне такой, сказаць-бы, залежнасьцi ня месьцiлася ў дзяцюковай галаве. Калi гэтая асоба ня была нейкiм эрзацам, а запраўды нечым вартасным, пры заляцаньнi да яе трэба было абавязкава даць ёй поўную волю, нiякiм чынам не надужываць свайго прыярытэту цi бiзнэсавага становiшча.

Першапачатныя назiраньнi далi Алесю аснову думаць, што дзяўчына не належала да натоўпу. Калi-б дзяцюк грунтоўна ведаў ейнае паходжаньне, i тую "пяшчоту" якой была ахiнула Веру савецкая агентура, быў-бы стварыў да яе iншы падыход. Здарылася так, што нехта iншы заплянаваў шахматную гульню i прадумаў падарожжы розных фiгураў на далёкую мэту. Алесь бачыў адно адзiн бок мэдалю i той у цьмяным сьвятле. Дзяўчына выглядала сьцiплай, зраўнаважанай, някiдкай да хлапцоў i, здаецца, незаангажаванай нiякiм каханьнем. У гэны час модна плылi i адплывалi розныя моды, пераважна ў вопратцы i ў рознай маральнасьцi цi амаральнасьцi амэрыканскай, а ў шырэйшым маштабе захадняй моладзi, з вытокамi дзесьцi ад рок'н'ролу Элвiса Прэслi i лiвэрпульскiх Бiтлсаў. Гэная шумлiвая i крыклiвая моладзь, у каторай пачуцьцё, падапхнутае наркаманiяй, публiчна паказвала свой агiдны твар, якраз захаплялася рознымi адыёзнымi рацыянальнаму чалавеку "модамi". А гэтая дзяўчына, быццам-бы для кантрасту, як на паказ, не належала да агульнага хору, жыла, як выглядала, сваiм розумам.

Перад сваiм прыездам на гэты кантынэнт Алесь трымаўся поглядаў пра традыцыйную жыцьцёвую ролю жанчыны, якая абжылася даўно ў беларускiм сялянскiм асяродзьдзi. Жанчына радзiла дзяцей, даглядала iх, любiла мужа, цяжка працавала i ля хаты, i на гонях. Яна сачыла, каб дзеткi навучылiся малiцца, наведваць Божыя сьвятынi, былi паслухмянымi, пакорнымi, значыцца матка была рухавiком хрысьцiянскае маралi сям'i. Цi не найважнейшым яшчэ была i народная культура й мудрасьць: песьнi, казкi й цэнныя старыя народныя традыцыi. I сялянскiя дзяцюкi, наглядаючы сабе сябровак жыцьця, трымалiся замацаваных народнай культурай i маральнасьцю стандартаў. Часта, вядома, у запрыгоненай краiне не апошнюю ролю ў заляцаньнях i сужэнствах адыйгрываў пасаг i зямельная ўласнасьць.