Читать «За волю (на белорусском языке)» онлайн - страница 35

К Акула

Гэтта, за акiянам, адкрыўся iншы сьвет. Жанчыну зрабiлi камэрцыйнай прынадай. Мала дзе што рэклямавалася бяз прыгожай дзяўчыны. Напоўголыя спакусьнiцы ўсьмiхалiся з бачынаў розных часапiсаў, вылузвалася распуста ў эратычных фiльмах, расьцьвiла i заваёўвала новыя пазыцыi, у iмя "вольнасьцi мовы й выказваньня", парнаграфiя. Банальнасьць нажывы i прагнасьць матар'ялiзму сагнала жанчыну з высокага п'едэсталу маральнае цноты, на якую паставiў яе Стварыцель, да брыдкой i шчодра запэцканай рознымi хварбамi i памадамi цэлюлёiднай карыкатуры.

Даўно ў Алесевым уяўленьнi абжыўся прататып сяброўкi жыцьця: сьвежая i арыгiнальная, неразбэшчаная мадэрнай цывiлiзацыяй, тая, якой мог-бы душу й сэрца адкрыць, што паходзiла-б зусiм зь iншага сьвету, а не таго, што падпёрты й рэклямаваны камэрцыйным сьветам жыў кажны дзень на тэлебачаньнi. Такая асоба была-б добра адукаванай i начытанай найлепшай лiтаратурай сваёй i сусьветнай, мела-бы прыказачную галаву на плячох i незалежную думку, ня трымалася-бы навязанае гандлярамi рознае прыхамацi й "бягучых модаў" (current fashion trends), яна ўзбуджала-бы павагу й пашану да сябе сваiм выглядам i характарам. Кандыдаткай на такую iдэальную жанчыну ў Алесевых думках паўстала Вера Мак. Яна вынырнула дзесьцi з поўначы ў гэтым горадзе-гiганьце як цячэньне сьвежасьцi ў забруджаным паветры, як кветка красы мiж прадажных камэрцыйных мадэлек.

12

Спачатку новая пазыцыя на працы замiнала шматлiкiм плянам прыватнага жыцьця. Трэба было пераарганiзоўваць, перайначваць, перамяшчаць, устанаўляць новае. Доўгiя гадзiны працы. Алесь нават сябе занядбаў. За ўсякую цану новую пазыцыю трэба было замацаваць, наставiць на непахiсную аснову. Не пасьлiзьнiся, бо Зэлман хутка на тваё месца знойдзе iншага. На працягу чатырох тыдняў Алесь апынуўся на добрым шляху. Цяжкая праца прыносiла плёны. Нават ня пытаўшыся ўласьнiка Трыфты Тонi Алесь ведаў, што Зэлман быў зь яго задаволены. Вера выдатна спраўлялася на сваёй дзялянцы.

У адну сонечную, Богам блаславёную, нядзелю Алесь пастанавiў, што трэба, як ён жартаваў, праветрыцца. Запрасiў Веру й тая адразу згадзiлася. Вярнуўшыся з царквы й парафiяльнага збору, каля гадзiны трэцяй пасьля паўдня нацiснуў званок пры дзьвярох памешканьня дзяўчыны. Блюза ў кветкi, спаднiца гармонiкам у складкi, валосы ў пучок, ружовенькi, незапэцканы нiякiмi штучнымi прыкрасамi тварык распрамянiўся на прывiтаньне.

- Куды паедзем? - спыталася.

- Куды хочаш. Кажы, завязу.

- Чакайце, зараз, - усьмiхнулася Вера. - Я-б хацела паехаць туды, дзе многа зеленi й вады, дзе можна пахадзiць i паплаваць, i нiчога не рабiць а толькi з сонейкам гуляць...