Читать «За волю (на белорусском языке)» онлайн - страница 110

К Акула

Алесь спынiўся, павольна аглядаў залю. Гэта, як выглядала, быў iм прадуманы тактычны ход. Вера пабляднела. Ейная нявыгада павялiчылася яшчэ, калi бачыла, што Нiк Лок уважна пазiрае на яе. У адным iз заднiх крэслаў чалавек iз зморшчаным тварам неспакойна паварушыўся, рука ягоная сьцiскала люльку на калене.

"Што зь iм? - думалi некаторыя. - Цi ён думае выклiкаць каго па прозьвiшчах?"

- I таму дазвольце мне, паважаныя спадарынi й спадары, сказаць гэтым людзям некалькi слоў.

Алесь iзноў крыху затрымаўся i пасьля прадаўжаў павышаным, голасам, з адыёзнай ноткай пагарды:

- Ад часу, калi Каiн забiў Абэля, людзi, на працягу стагодзьдзяў, прызвычаiлiся, што з розных прычынаў рука аднаго чалавека падымаецца на iншага. Аднак нiколi ў гiсторыi колькасьць забойстваў ня вырасла да цяперашнiх маштабаў, нiколi ня былi яны так удала плянаваныя i зарганiзаваныя дый нiколi не рабiлiся з матываў так нiзкiх i нiкчэмных. Сатана з Крамля заўзяўся, каб забiць ня менш, як душу чалавека. Каб гэта асягнуць, ён мусiў паняволiць сотнi мiльёнаў. Мы ня маем дакладнага лiку ахвяраў, але ведаем, што некаторыя меншыя народы ўжо Маскоўшчына зусiм вынiшчыла. I яна сяньня, як нiколi, прадаўжае працэс вынiшчэньня людзей шляхам так званай клясавай барацьбы ды ў канцлягерах Сiбiры. У самай савецкай iмпэрыi ня трэба чакаць да 1984-га году, бо жахлiвы лад, якi прадугледзеў Джордж Орвэл, там даўно ўжо iснуе.

Гэтта Алесь зноў крыху затрымаўся, агледзеў залю. Добры тактычны ход, каб павялiчыць вагу таго, што мае сказаць.

- Цяпер я зьвяртаюся да тых, каторыя сьведама i ахвотна служаць маскоўскiм тыранам: - вы не павiнны цешыцца з таго, што не зьяўляецеся звычайнымi забойцамi. Вы ёсьць найбольш нягоднымi зь нягоднiкаў i найбольш нiкчэмнымi зь нiкчэмных. Служыце найбольшаму варвару, якi калi-небудзь iснаваў таму, што падняў ён сваю закрываўленую руку на самае велiчнае i сьвятое, што ёсьць у чалавецтва. Вы пазбаўленыя адвагi выступаць супраць людзей у адкрытым баi iдэяў i iнтэлекту, вы баiцеся сьмела глянуць у адкрытыя вочы сумленнага й вольнага чалавека. Як чэрвi, поўзаеце ў цёмных кутох, як зладзеi, ходзiце i абкрадаеце iншых начамi i, як трусы, нападаеце на добрых i сумленных людзей ззаду. За гэта вы заслужылi й будзеце ў бесканечнасьць часу насiць пагарду й ганьбу, на вас будзе ляжаць пракляцьце роду людзкога!

Шквалам сарвалася бура апладысмэнтаў i крыкi адабрэньня пачулiся з залi. Вера аж скорчылася ў сваiм крэсьле i ейныя рукi, што мелi памагчы агульным апладысмэнтам на залi, дрыжэлi. Яна цяпер не магла пазiраць на чалавека, каторага, здаецца, нядаўна яшчэ моцна кахала. Гэта-ж ёй здалося, што пры ганьбаваньнi прысутных "нiкчэмнiкаў" ягоны падняты ўказальны палец якраз быў накiраваны на яе. Не называючы прозьвiшча, ён яе лаяў перад гэтай вялiзнай грамадой народу. Не магло быць накш.