Читать «За волю (на белорусском языке)» онлайн - страница 108

К Акула

У яго была й добрая дыкцыя, заўважыла Вера. Алесь меў тое, чаго часам не хапае вялiкiм балбатуном-палiтыкам: добрую позу, поўную кантролю голасу, з адпаведнымi нюансамi iнтанацыi, у гэтым выпадку й нейкую дамешку ўрачыстай хаўтурнасьцi з пашанай да таго, пра каго гаварыў.

- Антон Шпак, - няхай Бог дасьць яму жыцьцё вечнае! - упаў ахвярай у нашым доўгiм i зацятым змаганьнi супраць маскоўскiх захопнiкаў нашай дарагой бацькаўшчыны. Войстра будзем адчуваць мы страту яго, бо Шпак ня быў звычайным сьмяротнiкам. Шмат з вас, магчыма што бальшыня, ведае ягоную творчасьць. Таму й ня буду гаварыць пра ягоныя посьпехi ў журналiстыцы цi мастацкай лiтаратуры, а спрабую кiнуць крыху сьвятла на Антона Шпака як чалавека. Што за чалавек быў гэты надзвычайна плённы ў творчасьцi й вытрывалы змагар за волю нашага паняволенага народу? Некалькi апошнiх гадоў зблiзiлi нас. Бачыў я яго амаль кажны дзень, цi адну гадзiну праводзiлi разам. Мала было ў нас праблемаў, якiх супольна мы не абмяркоўвалi. Колькi часу я яго ведаў, рэдка чуў, каб ён калi наракаў на свой нялёгкi лёс. А трэба вам ведаць, што матар'яльна быў ён вельмi бедны. Ад часу прыезду ў Канаду, жыў зь фiзычнай працы, да гэтага цярпеў ад дрэннага здароўя й фiзычнай слабасьцi. Польскiя вязьнiцы й савецкiя канцлягеры падарвалi, мабыць, ягоныя сiлы. I ня гледзячы на гэта, ён трываў, працаваў, змагаўся, нападаў i адбiваўся. Я зьдзiўляўся зь ягонай духовай велiчы, стойкай самадысцыплiны, неабмежаванай адданасьцi сьвятой справе, якой прысьвячаў усе свае здольнасьцi й час. Антон Шпак стаiць перад намi як памяркоўны й сьцiплы ў жыцьцёвых вымаганьнях, сумленны й вялiкадушны, спачувальны да тых, што ў крыўдзе й нядолi; ён-жа й чалавек цяжкой i няспыннай працы. Усё, што зрабiў для нашага й iншых паняволеных народаў заўдзячваць трэба ягонай вялiкай i чыстай маралi, хрысьцiянскай любовi да блiжняга, вялiкай веры ў Бога, якi, як верыў наш вялiкi духам суродзiч, - возьме наш шматпакутны народ пад апеку Сваю. Якраз тут - у веры ў Бога Збаўцу й народ свой, у любовi да блiжняга, нараджалася крынiца сiлы, вытрываласьцi й посьпехаў Антона Шпака, нашага вялiкага пiсьменьнiка. Нiколi ня гнаўся ён за матар'яльнымi багацьцямi. Вольнасьць творчасьцi й справу вызваленьня бацькаўшчыны стаўляў вышэй усяго. Там, дзе iншыя, у ягоным палажэньнi, звольнiлi-б у працы цi вычарпалiся, Антон Шпак цягнуў з надзвычайным гартам. Шпак быў шчодры ў помачы пакрыўджаным i запрыгоненым суродзiчам i бязьлiтасны ў змаганьнi зь ягонымi прыгнятальнiкамi. Цi пiсьменьнiк быў задаволены плёнамi свае працы й змаганьня? Здаецца, што так. У сваiх творчых пошуках i здабытках ён асягнуў вышынi, якiя наведаць рэдка каму дадзена. Гэтымi сваiмi творамi, мне здаецца, ён, як нiхто iншы з нас, прыблiзiў дзень развалу й зьнiшчэньня пабудаванай на нянавiсьцi маскоўскай iмпэрыi. Коратка гаворачы, Антон Шпак натхнiў да змаганьня i падрыхтаваў наш народ да дня вялiкага бою-расплаты й вызваленьня. Некаторыя з вас могуць спытацца: як гэта такi надзвычайна таленавiты й характарам нязвычайны чалавек ня здолеў палепшыць свайго матар'яльнага дабрабыту? Пастараюся адказаць. Нябожчык меў шматлiкiя прапановы з розных выдавецтваў. Усе яны мелi свае цэны i ўмовы. Агульна яны зводзiлiся да таго, каб пiсаў чалавек для рынку чытачоў. А рынак той, як вам ведама, - свайго роду дрыгва. Не напiшаш таго, што, прыкладна, канадыйскiм чытачом спадабаецца, ня будзеш мець прыбытку. Такiм чынам тварэц мастацкай лiтаратуры мусiць iсьцi на кампрамiсы з гандлярамi, каб зарабiць сабе на пражыцьцё. Антон Шпак на такiя кампрамiсы ня мог iсьцi. Мы добра ведаем сяньняшнi зьвiхнуты сьвет, дзе амаль усё можна купiць за грошы. I для людзей, што думаюць адно катэгорыямi мяшчанства i нажывы, цяжка ня толькi ацанiць, але нават уявiць велiч такiх людзей, як Антон Шпак. Шматлiкiя з нас змагаюцца за вызваленьне Беларусi з маскоўскага калянiяльнага ярма. Наш вораг ёсьць яхiдны, сiльны й нямiласэрны. Гэты варвар дваццатага стагодзьдзя ня лепшы за фашыстоўскую Нямеччыну. Пад ягоным загадам ёсьць вялiзныя матар'яльныя i людзкiя рэсурсы. Але давайце, паважаныя суродзiчы, ня будзем падаць духам таму, што на ўзбраеньнi нашым ёсьць наймагутнейшая зброя - гэта хрысьцiянства i вера ў Бога. I сам Бог з намi. Нам i iншым паняволеным народам на падтрымку iдуць Злучаныя Штаты, Канада, Вялiкая Брытанiя i iншыя дэмакратычныя дзяржавы вольнага сьвету. Мы iм за гэта ўдзячныя i спадзяёмся, што яны памогуць паняволеным народам развалiць варварскую Маскоўшчыну i адбудаваць iхныя незалежныя дзяржавы.