Читать «За волю (на белорусском языке)» онлайн - страница 111

К Акула

Раптам быццам згусьцела, высахла ў роце паветра, аблiваў яе пот, пажвавеў пульс. Яна цяпер старалася нiкому не глядзець у вочы. Уцякаць, уцякаць адсюль трэба! А як-жа! Многiя з гэтых людзей напэўна падазраюць яе, ведаюць, што i яна магла да сьмерцi Шпака спрычынiцца. Трэба абавязкава вось цяпер недзе схавацца, чым далей адсюль. Ды яна-ж ня можа проста ўстаць i ўцякаць адсюль на вачох усiх прысутных... А гэты Нiк Лок збоку, як наўмысна, усё сачыў за ёю.

38

Пасьля Алесевай прамовы была прачытаная i прынятая рэзалюцыя, якая, адзначыўшы сьмерць выдатнага пiсьменьнiка, асуджала калянiяльную i антыбеларускую палiтыку бальшавiцкае Маскоўшчыны ў Беларусi, ганьбавала ўсходня-бэрлiнскi камiтэт i ягоную падрыўную дзейнасьць сярод беларускае эмiграцыi, заклiкала вольныя i дэмакратычныя дзяржавы падтрымаць вызвольнае змаганьне паняволенага беларускага народу супраць бальшавiцкае маскоўскае iмпэрыi. Калi закрылася заслона на сцэне, Вера сказала Нiку, што пабяжыць асьвяжыцца.

- А дзе дзяўчына? - спытаўся ў Нiка Алесь, выйшаўшы з-за сцэны.

- Сказала, што пабяжыць недзе ў жаночую, асьвяжыцца. I навошта табе гэта было?

- Што такое?

- Тая гаворка да забойцаў, цi, як ты iх называеш... Навошта гэта?

- А я ўпэўнены, што нехта зь iх тут ёсьць. Прадчуваю, што скора будуць нейкiя вынiкi з гэтага. Як выглядала Вера, калi я прамаўляў?

- Дзiўна... Бледная, засяроджаная ў сабе... Мне здавалася, што ты яе бiчаваў, i яна цярпела, дрыжэла... Цi ты яе ў чым падазраеш?

- Як ты думаеш? - сказаў Алесь. - I глянь хто тут! Галё, рыбак! Як маешся?

Побач стаяў худы, цыбаты, у джынсах i спартовай гавайскай кашулi, аброслы рыжай бародкай i доўгiмi валосамi рэпарцёр маладога веку зь мясцовай, сьхiльнай да розных сэнсацыяў, газэты.

- Цi ёсьць якiя навiны ў справе забойства мiстара Шпака? - спытаўся ён у Алеся.

- Чаму-ж вы, бойсы, ня спытаецеся ў палiцыi?

- Яны многа не гавораць, адно кажуць, што сьледзтва вядуць. А з вашай гутаркi на сцэне мне здалося, што вы больш ведаеце, чымся дагэтуль адкрылi. Магчыма маеце каго на воку? Можаце падзялiцца з намi сваiмi сакрэтамi? Будзьце добрым, мiстар Якiмовiч!

- Няма дурных, мiстар рэпарцёр. Можа я ведаю больш, чым кажу, можа й ня ведаю. Даведаецеся, як той час настане.

- Дзякую за iнфармацыю, - скрывiўся рэпарцёр i адыйшоўся.

Заля ўжо напалову апусьцела. Алесь i Нiк шукалi Веру, але нiдзе яе ня бачылi. Папрасiлiлi сяброўку, каб праверыла жаночую прыбiральню. I там Веры ня было.

- Слухай, Нiк, зрабi мне ласку. Я не магу адсюль пайсьцi яшчэ. Абавязкi, ведаеш... Будзь добрым хлопчыкам, паедзь да Веры на кватэру, пабач, цi яна дома. Не тэлефануй. Мне здаецца, што нешта адбываецца. Ты пагуляй у дэтэктыва. Калi што вельмi важнае, пазванi сюды, каб мяне выклiкалi.

- Ты ёсьць генiяльны, мой бос, ды вельмi зычлiвы й шчодры. Адразу бягу. Цi твая любоў яшчэ жыве iз той прастытуткай Нiнай?

- Прыкусi язык, мой хлопча! - усьмiхнуўся Алесь. - Мiс Ляскiн ёсьць вельмi шанаванай прыгажуняй i Вера яшчэ зь ёй жыве.