Читать «За волю (на белорусском языке)» онлайн - страница 106

К Акула

А гэтта, з другога боку, людзi, якiя жылi ў тым сталiнскiм "прыгоне", якiя страцiлi сваякоў у канцлагерах, што старалiся як маглi, каб дабрабыт нейкi здабыць, якiя ворагамi савецкае ўлады некалi ня былi, - а ў Заходняй Беларусi, калi iх "бацька ўсiх народаў" спад белапольскага панскага iга вызваляў, дык чырвонаармейцаў з кветкамi вiталi, - гэтыя людзi цяпер аднагалосна называюць той рай пеклам. Дзьве цалкам супрацьлеглыя крайнасьцi. А дзе сярэдзiна? А што, калi гэтыя бебурнацы запраўды гавораць праўду?

Ад некаторага часу Вера пачала ўважней прыслухоўвацца да тых i iншых, асаблiва ўважна прыглядацца i ацэньваць палiтычныя падзеi i факты, рабiць параўнаньнi. Вялiкую ўвагу зьвяртала i на навiны пасьля таго, як Сталiна "карыфэя ўсiх навукаў" - зрабiлi вялiзным злачынцам, лiквiдавалi Бэрыю, а на пярэднюю арэну вылез Мiкiта кукурузьнiк. I гэнай ранiцай, ужо на працы, уключыла радыё з надзеяй, што пачуе нешта пра новыя палiтычныя падзеi ў мэццы камунiзму. Вядома-ж, ад кукурузьнiка ўсяго можна было спадзявацца пасьля таго, як ён на сусьветнай арэне, у асамблеi Аб'еднаных Нацыяў у Ню-Ёрку, сваiм чаравiкам гэтак ворагаў сацыялiзму насьмяшыў.

Гэнай ранiцай казённы голас дыджэя з радыёпрыёмнiка паведамiў пра сьмерць беларускага пiсьменьнiка Шпака. Палiцыя ня выключвала магчымасьцi, што на яго нехта напаў i забiў... Гэтая вестка кальнула Веру ў самае кволае. Яна-ж дала пра Шпака дакладную справаздачу Капшуну. Цi гэта магчыма, што ён?.. А калi так, дык i ў яе нячыстыя рукi. Сказала, што балiць галава й пакiнула працу, пайшла ў парк, дзе заглянула ў газэту ды разважала што рабiць. Адно ясна: яна не магла простым пытаньнем паставiць Капшуна ў кут. Небясьпечна. Наважылася пакуль што маўчаць.

Перад дзьвярмi вялiзнай залi тэатру лёгкi ветрык забаўляўся сьцягамi трох народаў: Беларусi, Злучаных Штатаў i Канады. А ўнутры, над сцэнай вiсеў чорнай iстужкай абрамаваны мастацкi партрэт адыйшоўшага ў вечнасьць пiсьменьнiка. З бакоў яго - пахiленыя, з чорнымi iстужкамi, бел-чырвона-белыя сьцягi. Над партрэтам вялiкiмi лiтарамi напiс: Слава Змагару за Волю! I пад нiзом партрэту: Ганьба тырану! Паняволеным воля!

Заля напаўнялася. Сьпераду пасадзiлi сьвятароў, прадстаўнiкоў канадыйскiх уладаў, запрошаных сяброў управаў этнiчных i беларускiх арганiзацыяў.

Сустрэча Беларусаў Паўночнае Амэрыкi была расплянаваная на тры днi, але вось гэтая ўрачыстасьць была самай важнай i галоўнай. Зацiкаўленьне забойствам Шпака павялiчыла лiк удзельнiкаў. Вера сядзела ў трэцiм радзе сьпераду. Направа ад яе пуставала Алесева крэсла, бо дзяцюк быў недзе за сцэнай i меў рабiць гутарку пра адыйшоўшага пiсьменьнiка. Далi яму гэтую нагоду таму, што так шмат i такi доўгi час памагаў гэнаму выдатнаму змагару за волю Беларусi. Нiк Лок сядзеў зь левага боку Веры, спрабаваў нейкi жарт расказаць. Вера зiрнула на яго няпрыязнымi вачмi i маўчала.