Читать «За волю (на белорусском языке)» онлайн - страница 105

К Акула

- Добра. Ну а што пра паломанае вудзiльна? Там адбiткаў тваiх пальцаў ня знойдуць?

- Прызнаюся, тут мая памылка была. Але як мне было ведаць, што дурань сам сабе вупусьцiць мазгi? А ты не забоцься: палiцыя ня мае адбiткаў маiх пальцаў, я ня быў за крымiнал нiдзе ўзяты.

- Усёроўна. Паломанае вудзiльна дасьць iм прычыну да сьледзтва.

- Перастань ты, няма прычыны забоцiцца, - запэўнiў Джоў.

- Нам папалося-бы, калi-б што якое...

- Як? Хто iм раскажа?

Настала нязручнае маўчаньне.

- Добра, - сказаў Капшун. - Толькi мы ведаем пра гэта i так яно мае астацца. Нават нашыя вярхi не павiнны пра гэта чуць. Згода?

- Окэй! - згадзiўся Снiкi.

- Яшчэ адно, - прадаўжаў Капшун. - Гэтыя фашыстоўскiя вырадкi разьдзьмухаюць той выпадак да вялiкiх разьмераў, каб зрабiць са Шпака гэроя i мучанiка, а сабе капiтальчыку ў карман. На нас пальцамi пакажуць i людзi будуць распытвацца.

- Ад цябе такога не чакаў. Якая ерунда! - казаў Джоў. - Будуць падазраваць... Ну й што з таго? Няма ў iх на нас нiякiх сьветкаў i доказаў. Людзi наплююць на тую бебурнацкую балбатню. Я-ж кажу, - нечего заботиться!

Калi вяртаўся ад Снiкi, Капшуну прыгадалася, што была яшчэ адна асоба: Вера Мак. Што яна зробiць? Цi будзе трымаць язык за зубамi? Калi яна закаханая ў Якiмовiча, калi той яе ў нечым падазрае ды пастараецца нацiснуць, дык цi ня выдасьць яна яго, Капшуна? Што рабiць? - вось пытаньне. Магчыма, што дзяўчына, - калi яна ўстрывожаная ды яму давярае, - прыйдзе да яго, каб гэту справу выясьнiць? А можа пацягнуць Нiну Ляскiн за язык, каб што даведацца цi дзяўчына заiнтрыгаваная гэтым выпадкам? Але-ж Нiне пра гэта нiчога не гаварыў... Няхай так будзе. Пабачым, пачакаем.

37

Калi Вера, дзякуючы Алесю, зблiзiлася з новай беларускай iмiграцыяй, нярэдка давялося ёй чуць адну й тую самую апiнiю пра сацыялiзм i камунiзм, або, як яны найчасьцей называлi, бальшавiзм у Савецкiм Саюзе. Вусны гэтых новых Канадыйцаў казалi й паўтаралi, быццам змовiўшыся, адну думку: Маскоўшчына - гэта няволя, тэрор, масавы генацыд паняволеных народаў, бязбожнiцтва, варварства, масавае прамываньне мазгоў усiх грамадзян крывадушнай марксiстоўска-ленiнска-сталiнскай прапагандай. Коратка гаворачы, ленiнская "дзяржава рабочых i сялянаў", згодна гэтых бебурнацаў, ледзь ня пекла на зямлi. I прыгадалася Веры тая экскурсiя ў Савецкi Саюз, калi ня было ў тым арганiзаваным падарожжы нiякай цяплынi, а ўсё, як на заказ, толькi казённае, службовае, штатнае, калi прапаганда сустракала iх на кажным кроку, калi не далi iм нават магчымасьцi сустрэцца iз тымi шчасьлiвымi рабочымi й сялянамi ў iхных хатах i гасьцiнных сем'ях. Былi ў галаве тады пытаньнi. Нiхто на iх ня мог адказаць, бо не хапала сьмеласьцi, каб спытацца. А як-жа! Навошта рызыкаваць? Усе-ж адказы, - як бесканечна паўтаралi iм мудрыя палiтрукi, - ужо былi апрацаваныя i самым Марксам, i ягонымi насьледнiкамi. Унь як! Чаго-ж ламацца ў адчыненыя дзьверы? Трэба верыць. Калi яшчэ, пасьля такой разбуральнай вайны, гэткая магутная дзяржава не адбудавалася, дык пачакайце, дапамажыце, супольнымi сiламi адбудуем i прыйдзе той абяцаны рай. Значыцца, паводле той марксiстоўскай i ленiнска-сталiнскай навукi, усе справы былi-б даўно вырашаныя, i сяньня ўжо быў-бы суцэльны рай у Савецкiм Саюзе, толькi вось вайна, - каб на яе гаручка! - замiнала. Але, усёроўна ня турбуйцеся, так усё будзе, як у тым школьным вершы дзетак вучылi: "Вот от завтрашнего дня все по плану у меня".