Читать «За волю (на белорусском языке)» онлайн - страница 103

К Акула

Алесь падыйшоў да палiцыянта, якi, даведаўшыся, хто ён, параiў пачакаць, каб высьветлiць некаторыя пытаньнi. I тады да Якiмовiча падыйшоў малады дзяцюк, што назваў сябе рэпарцёрам з "Iндыянборо стар". Пытаньняў у гэтага юнага журналiсты было шмат: Хто такi Антон Шпак? Адзiнотны цi жанаты? Колькi яму гадоў? Колькi часу ў Канадзе? Чым займаўся? Пра што пiсаў? Цi вы думаеце, што яго нехта забiў у гэтай дзiчы? Чаму?

Ведаючы нахiлы дробнае мясцовае прэсы да сэнсацыйнасьцi, Алесь адказваў асьцярожна. Зусiм адмовiўся выявiць свае здагадкi пра магчымага забойцу Шпака. Разам з палiцыяй паехаў да адлеглага на дзесяць мiляў невялiкага гораду Iндыянборо. У шпiтальнай трупярнi паказалi яму цела забiтага, сказалi, што, згодна аўтопсii, памёр ад пабiтага чэрапу й мозгу, у вынiку чаго, наступiла хуткая сьмерць. Сказалi Алесю, што можа забраць цела нябожчыка для паховiнаў.

У палiцыйным бюро Алесь даведаўся, што два чалавекi з Пайн Рыдж рэсорту, якiя йшлi ранiцай па беразе ракi, бачылi сярэдняга росту чалавека ў кашулi ў чорныя клетачкi, як ён уцякаў у гушчар з таго месца, дзе знайшлi мёртвага Шпака. Людзi здалёку выразна ня бачылi твару таго чалавека. Пераламанае вудзiльна ляжала тут-жа ў вадзе ля берагу, а з кручком i жылкай змагалася вялiкая рыбiна.

- Цi вы хочаце ўзяць тую рыбiну? - спыталiся ў Алеся.

Ён зiрнуў на вялiкага прыгажуна без асаблiвай цiкавасьцi i параiў, каб адаслалi яго ў рэстаран Пайн Рыдж.

Палiцыя прызналася, што дагэтуль не знайшла нiчога, што магло-б памагчы высьветлiць якiм чынам памёр Шпак. Не заўважылi навокал нiякiх сьлядоў гвалту. Адно загадкай было паломанае вудзiльна, на якой спадзяюцца знайсьцi адбiткi пальцаў. Усялякая дробязь паможа. Так спадзяюцца.

- А чым вы можаце дапамагчы? - спыталiся ў Алеся.

Алесь коратка выказаў думку, што Шпак быў надта асьцярожным чалавекам, якi ў такi сьветлы й прыгожы дзень проста ня мог так упасьцi на камень i зусiм разьбiць сабе галаву. Шпак дбаў пра рыбалоўныя снасьцi, з паламаным вудзiльнам не пайшоў-бы на рыбу, а паламаў яго, вiдаць той, каго Шпак тут сустрэў, - выглядае, што забойцу, - якiм мог быць адно прысланы нехта з камунiстычнага логава. Ён выясьнiў прычыны такога меркаваньня.

- Можаце назваць падазроных?

- Не, тымчасам не магу.

Палiцыя прыабяцала Алесю правесьцi грунтоўнае сьледзтва. Калi забойца добра плянаваў сваю работу, дык, магчыма, яшчэ нехта мог бачыць падазроную асобу навокал рэсорту Пайн Рыдж. Алесь пакiнуў у палiцыi свой нумар тэлефону i абяцаў паведамiць iх пра ўсё, што ўдасца яму знайсьцi ў сувязi з гэтай справай.

Едучы дамоў, Алесь прыгадаў гутарку зь пiсьменьнiкам на мiнулым тыднi. Што гэта ён сказаў пра атруту? Ага, вось што: "памятай, што найчасьцей атруту даюць ахвяры ў найпрыгажэйшай чашы". Што, цi каго Шпак меў на думцы? Але, не, ня можа быць! Вера Мак, ягоная вялiкая любоў? Можа пачаць ад яе?

Вярнуўшыся ў Радфорд, Алесь заехаўся ў Трыфты Тонi. Крама мела хутка закрыцца. Веры не знайшоў. Сказалi яму, што перад абедам наракала на галаўны боль, пайшла дадому. Пазванiў ёй. Ня было адказу.