Читать «За волю (на белорусском языке)» онлайн - страница 102

К Акула

Дзесяць хвiлiнаў пазьней Алесь гнаў свой Олдсмабiл галоўнай шашой з Радфорду напоўнач. Сьпяшыў, цiснуў бензiнную пэдаль аж да падлогi й празь люстэрка сачыў, каб не прычапiўся да яго ззаду палiцыйны хвост. Як шкада, што ня мог зрабiць той дарогi за якiх паўгадзiны! Ён уключыў радыё i знайшоў станцыю, якая рэклямавала сябе пад загалоўкам "Найнавейшыя Навiны Насамперш". Часамi здаралася, што яна лякальнымi навiнамi выпярэджвала iншыя камэрцыйныя радыёстанцыi. Вось, прыкладна, як цяпер. Звычайная крыклiвая рок-музыка спынiлася i нiзкi, урачысты мужчынскi голас паведамiў:

- А цяпер - дзьве навiны з нашае "Найнавейшыя Навiны Насамперш". Сяньня ранiцай у ваколiцы Iндыянборо, на рацэ Пома каля рэсорту Пайн Рыдж, два рыбакi знайшлi сьвежы труп, што ляжаў напалову ў мелкай вадзе з растрэсканым чэрапам. Палiцыi ўдалося ўстанавiць, што памёршым зьяўляецца беларускi пiсьменьнiк Антон Шпак з Радфорду. Выглядае, што рыбак упаў на валун i ўдарыўся аб яго галавой. Збоку знайшлi паламаную вуду. Палiцыя падазрае, што на Шпака нехта зрабiў напад i вядзе сьледзтва.

- А цяпер цi чулi вы такое? - вясёлай ноткай прадаўжаў голас. - Калi з паламаным напалову вудзiльнам выцягнулi жылку з вады, дык адгадайце што знайшлi на кручку! А знайшлi там вясёлкавую рачную фарэль больш дзесяцi кiляграмаў вагi, вось што! Прызнайцеся, гэта перавысiла навет так званае добрае шчасьце Айрышмэна: сустрэць сьмерць у той час, калi ты падчапiў на кручок такога прыгажуна!

Голас з радыёпрыёмнiка ўзлаваў Алеся. I як гэты дыджэй (так у скароце тут называлi "дыскавага джакея", - камэнтатара рознае мадэрнае музыкi), ня выдумаў яшчэ, што рыбак Шпак цягнуў вялiзную рыбiну, паламаў сабе вудзiльна, упаў, разьбiў галаву i тут-жа памёр? Алесь выключыў радыё. Злаваў ён на таго дыджэя яшчэ i за тое, што Беларуса назваў "уайт рашн" замiж "беларашн". Цяпер Канадыйцы будуць рагатаць з таго "рашн фэла" (Расейца), каторы забiўся як вялiзную рыбiну з ракi цягнуў. I чаго чакаць ад цемнякоў, што выдатна ўмеюць жлукцiць пiва й захапляцца гакеем, каб яны ведалi, прыкладам, што мiж Расейцамi й Беларусамi ня менш розьнiцы чымся мiж Ангельцамi й Немцамi? Ды найбольш Алесь кiпеў злосьцю на тую забойчую нiкчэмную брыду, што абарвала плённае жыцьцё выдатнага суродзiча Антона Шпака. Вялiзная страта для беларускага народу! Алесь ужо прыабяцаў сабе, што не пашкадуе нiчога, каб знайсьцi забойцу пiсьменьнiка.

35

За дзьве гадзiны Алесь прыехаў у Пайн Рыдж. Ад Мэры ў кухнi даведаўся, што ўсе людзi над ракой. I запраўды, Алесю здалося, што ўсе жыхары рэсорту сабралiся тут-жа побач кучы валуноў i каменьня, якую палiцыя адмежавала жоўтай iстужкай. Людзi стаялi цiха, рэдка гаварылi, сачылi што робiць палiцыя. А ў тым месцы, дзе пiсьменьнiк разьвiтаўся з жыцьцём, Алесь пабачыў двух чалалавек у цывiльным i аднаго ў мундзiры, што размаўлялi, аглядалi, нешта запiсвалi. Там-жа пры iх стаяў i чалавек з фотоапаратам. Белай рысай мелам па каменьнях было абведзена месца дзе, мабыць, ляжаў забiты.