Читать «Сузіральнік. Аповесці, апавяданні, эсэ» онлайн - страница 36

Андрей Михайлович Федоренко

Гэтая новая «сахалінка» таксама была скуластая, вузкавокая, худая. Яна патулялася па двары, схадзіла да студні; калі ішла адтуль з вядром вады, роўна трымала спіну, нават падавалася крыху наперад, нібы ішла супраць ветру. Потым, не ведаючы, што рабіць, куды сябе прыткнуць, пазяхнула, прысела на ганку, закурыла, суха пакашляла. А Ропат стаяў і назіраў за ёю ўжо амаль адкрыта. Ён ведаў, што ні яго самога, ні ягонай хаты чужынцу так проста не разгледзець. Увесь яго двор ад ганка да веснічак, па ўсім перыметры плота да кожнага кутка надзейна, ушчыльную зарос нейкім лазняком, дзікімі слівамі, акацыяй і ляшчынаю, сям-там пракідаліся нават калючыя асінкі, якія звінелі сваім лісцем без ветру. Быў час, калі Ропат ваяваў з гэтай пошасцю: высякаў, вытручваў, выкопваў. Але хутка скеміў, што лепшай хованкі для сябе не прыдумаеш, і пакінуў усё як ёсць. Цяпер гэтае дабро, самая разнастайная расліннасць вольна выпірала з зямлі, прычым чамусьці не хацела расці ўгору, а імкнулася, можа ад цеснаты, слацца па зямлі, расла крыва, коса, чаплялася адно за адно, перавівалася, як ліяны, абплятала павоем шулы, вароты, веснічкі, плот, хаваючы ўсё гэта ад цікаўных людскіх вачэй, — і нарэшце злучалася над самым дахам зялёным шатром: так, што ўся хата аказвалася схаванай і з бакоў, і зверху, а Васіль Ропат жыў, як у лесе ў будане. Хіба калі добра прыгледзецца, можна было заўважыць вузенькую, у крок шырынёю сцяжынку, якая зладзеявата нырала з вуліцы ў гэтыя шаты, ды яшчэ позна ўвосень, калі лісце ападала, ці ўвесну, калі спаўзаў снег, знянацку адкрывалася вачам праз голыя галіны нейкае фантастычнае, казачнае, нібы ў Лесавіка ці ў Бабы Ягі, жытло; быццам са­шморгнулі публічна апранахі са старога чалавека, і вось стаіць ён перад усімі безабаронны, сарамлівы… Але нядоўга так было. Узімку перш шэрань, а потым снег усё бяліў, раўняў, пульхным футрам клаўся на галіны і апранаў Ропатава логавішча. Толькі дым падымаўся з коміна ды сцежка крыху цямнела на белі. А ўвесну шпарка пачынаў зелянець яго двор, і зноў усё хавалася, як і хацеў Ропат.

ІІ

«Хто ім тут мёдам мажа? — думаў Ропат, гледзячы на чарговую «сахалінку». — Чаго яны спаўзаюцца сюды з усяго свету? Чалавек дзе нарадзіўся, там павінен і памерці…» Яму было прыкра, горка, што ён, тутэйшы жыхар, стары чалавек, вымушаны, як злодзей, хавацца ад людзей у зарослым двары ўласнай хаты. Ён даўно пераставаў адчуваць сябе тут, у роднай вёсцы, гаспадаром. І толькі калі-небудзь са здзіўлен­нем перапытваў сябе: як жа яно так сталася? Калі пачалося? З якога часу вёска пачала напаўняцца, як саранчой, гэтымі прышлымі людзьмі? Яны скуплялі старыя хаты, будавалі новыя, і ўсё ім было мала, і ўсё іх большала, большала, яны распаўзаліся, нібы бружмель у Ропатавым двары, паступова, але няўмольна выціскаючы старога Ропата з яго асяродку, а самі — па законах фізікі — запаўняючы вызваленую прастору.

Ропат бачыў у гэтых людзях адну толькі небяспеку для сябе і грэбліва называў іх адным кароткім словам: «зброд». «Зброд» дзяліўся на дзве катэгорыі. У першую ўваходзілі розныя прыблуды — мужыны і жанчыны, старыя і маладыя, пагарэльцы, бежанцы, беспрытульнікі без роду-племені, з нейкіх такіх краёў, пра існаванне якіх Ропат ніколі не чуў і нават не ведаў, што такія ёсць на свеце. Іх дапаўнялі прышлыя з блізкага горада — самая розная непатрэбшчына, чалавечае шалупінне, ні Богу свечка, ні чорту качарга. Гаспадаркі яны не вялі, жыўнасці не трымалі; запушчаныя агароды, соткі, парослыя ляснымі дрэўцамі, някошаныя паплавы — толькі трава-самасейка пад акном, тры кветкі ды дзікі куст малінніку. Усе непапраўныя, нейкія адчайныя гультаі, яны не саромеліся свайго гультайства, а нават нібы ганарыліся ім, жылі як папала і на што давядзецца. Некаторыя зімою знікалі, увесну зноў з’яўляліся. Улетку збіралі і здавалі ягады, лісічкі. Карацей, чорт іх ведае, як, за што яны жылі. Можа, атрымлівалі ад дзяржавы дапамогу.