Читать «Сузіральнік. Аповесці, апавяданні, эсэ» онлайн - страница 35

Андрей Михайлович Федоренко

Раптам ён зразумеў (а можа, памаглі некалькі глыткоў «Апфеля») — так, не атрымліваецца, рассыпаецца, не выходзяць тут і цяпер памінкі па сябрах — бо ўжо яму не трэба гэта. Ён ломіцца ў адчыненыя дзверы, а яно ўжо робіцца само, паміма яго волі, і пачалося яно адразу ж тады, на вясковых могілках, калі, не пытаючы ў яго дазволу, пачаў пісацца ў галаве новы твор. І за гэты час ужо намахана — ён паглядзеў на растапыраныя пальцы — ого, пяць раздзелаў, кожны па 10 старонак… І ў гэтым новым творы, вядома ж, знойдзецца месца і маім бедным сябрам таксама. А цяпер трэба іх адпускаць і вяртацца ў наша апавяданне, тым больш што малады чалавек, якога я палічыў за гультая-тунеядца, які быў знік, а цяпер зноў з’явіўся — з поліпрапіленавым, вясёлкавых колераў венікам і з сагнутым шуфлікам на доўгай ручцы, і ўжо старанна падмятае і без таго чысты пляц, усё бліжэй да мяне падступаючыся. Можна паспрабаваць угадаць, што будзе далей. Зараз наблізіцца, скажа «хай» ці старамоднае «гутэнтаг»? Папросіць «раўхэн»? Зробіць выгляд, што яго не цікавіць зялёная, да палавіны адпітая пляшка ў маёй руцэ? Вось ён ужо, спадцішка на мяне пазіраючы, перакладае ў левую руку венік і, выціраючы аб штаны правую, з сарамлівай, вінаватай, як у Танінага Валодзі, усмешкаю падыходзіць да мяне.

2017

Апавяданні

Cахалінка

І

Яна прыехала ў вёску ў верасні і засялілася ў хатцы на пагорку каля студні — акурат насупраць хаты Васіля Ропата. «Зброд», — першае, што падумаў Ропат, які адчуваў інстынктыўную варожасць да ўсяго нетутэйшага, не мясцовага.

Ён стаяў у сваім двары каля плота, нябачны, на­дзейна схаваны зараснікамі дзікіх сліў і, адхінуўшы калючую галіну, у прасвет назіраў за няпрошанай суседкай. Адсюль усё было відаць як на далоні. Студня, пагорак, голы двор, нават плотам не абнесены (сам Ропат разабраў яго і перацягаў на дровы), старая хатка, якую з незапомных часоў, колькі яна існавала, людзі чамусьці звалі «сахалінская», і ўсе, хто ў ёй жыў, кожная сям’я — а такіх на вяку Ропата памянялася не менш за дзясятак — аўтаматычна набывалі мянушку «сахалінцы»; і праўда — усе жыхары гэтай хаты былі крыху падобныя абліччам на тунгузаў ці якутаў: можа, цяклі ў жылах кроплі адной крыві, з’яўляліся яны якой далёкай раднёю, і іх, панасіўшы па свеце, прызямляла ў родным куце, а мо проста, пажыўшы тут, у адным месцы, у гэтых сценах, пакрысе набывалі паміж сабой падабенства — так з часам і сабакі робяцца падобнымі да сваіх будак.