Читать «Сузіральнік. Аповесці, апавяданні, эсэ» онлайн - страница 38

Андрей Михайлович Федоренко

«Как-то пришло письмо, — расказваў ён з абурэн­нем, — орали сотки… Я испугалася, думал, переругались, а это, оказывается, пахали! Или — густка. Неужели так сложно сказать — платок? Зачем густка, причём густка?!»

Трохі далей, у старэнькай, яшчэ горшай за сахалінскую, халупе ашываліся бацька і сын Ісаевы. Аднаму было пяцьдзясят гадоў, другому дваццаць пяць. Абодва ў ваенных абносках, абодва падобныя на ваеннапалонных ці на дэзерціраў, заўсёды хадзілі разам, заглядалі ў двары. Абодва, як большасць беспрабудных п’яніц-бабылёў, былі добрыя, але і дабрыня іхняя насіла нейкі бесталковы, праз меру мітуслівы характар: спачатку яны прасілі грошы, потым — выпіць, пад канец — закурыць і, не атрымаўшы ні таго, ні другога, ні трэцяга, ветліва прасілі прабачэння. Нарэшце сама далей ад Ропата, на перакрыжаванні вуліц, там, дзе звычайна спынялася аўталаўка, узвышаўся ладны двухпавярховы катэдж, куды прыязджалі на лета Барыс з Раяю. Барыс, таксама малады ваенны пенсіянер, жартаўнік, яшчэ здалёк пабачыўшы старога Ропата, кожны раз крычаў: «Ропатавіч!» — ужо ў самім гэтым здзекліва-панібрацкім звароце знаходзячы смешнае, бо ў Ропата ж было імя — Васіль, і па-бацьку —Уладзіміравіч.

«Ропатавіч!» — крычаў Барыс, а калі дзед спыняўся, Барыс не ведаў, што казаць. Такія ў яго былі жарцікі.

Раней, калі Ропат быў маладзейшы, ён спрабаваў агрызацца, злаваў, заядаўся з імі. Ён ненавідзеў гэты зброд панурай нянавісцю падманутага селяніна. Яму здавалася, што ўся гэтая нязваная-няпрошаная публіка нахабна і сілком адабрала ў яго вёску — тую, ранейшую, зразумелую, беларускую, поўную дзяўчат, хлопцаў, маленькіх дзяцей, дзе былі песні, каляды, вячоркі, дзе ён, Ропат, пачуваўся не чужынцам, а такім, як усе. Калі-небудзь ён выходзіў на досвітку, ці нават уночы, і ішоў, ціха ступаючы, па вуліцы, спадзеючыся ў душы на дзіва: а раптам зноў усё вярнулася, стала ранейшым? Не. Нічога падобнага. Яны, гэты зброд, не старэлі, не хварэлі, не паміралі, не правальваліся пад зямлю, і не зносіла іх ніякім ветрам нячыстая сіла. Цяпер ужо і на нянавісць не засталося моцы — усё выела праклятая старасць. І калі Ропат прыходзіў да аўталаўкі, ён ні з кім не вітаўся, нікому нічога не адказваў, ні на кога не пазіраў, стараўся хутчэй, з мінімумам словаў купіць неабходнае і пайсці прэч. Толькі звыкла, застарэла, абыякава думаў: «Зброд…»

ІІІ

Сахалінка пачала жыць у хатцы. Ропат ужо ведаў з размоў каля аўталаўкі, што яна сапраўды прыехала з Сахаліна, там нарадзілася, пражыла ўсё жыццё, ніколі да гэтага не была ў Беларусі, і вось цяпер, на пенсіі, пад старасць, перабралася сюды дажываць. Кампанейская нават па мерках мясцовага люду, энергічная, яна хутка асвойталася, імгненна перадружылася з такімі ж, як сама. Мо дзён пяць запар спраўлялі ўлазіны. Гасцявалі ў яе Барыс з Раяю, і дзед-філолаг, і бацька з сынам Ісаевы… На закуску купілі ў бізнесмена в’етнамскага парсюка. Праведаўшы пра Ропата, Сахалінка пры­ходзіла яго клікаць, стукала ў дзверы. «Дзед-сусед!» Ропат не адзываўся. А раніцамі спадцішка са сваёй хованкі, як паляўнічы з засады, назіраў за ёю. З пахмелля яна нудзілася, курыла, суха, моцна кашляла, лаялася на гэты кашаль. Прывыклая да кампаніі, адзінока тулялася па двары, а то проста стаяла на адным месцы і пазірала ўдалячынь. Вочы сінія, глядзяць не спадылба, не панура, як у тутэйшых сялян, што ад нараджэння да старасці бачаць вакол толькі лес, жывуць сярод абмежаванай дрэвамі прасторы, якая сама па сабе прыгнятае чалавека, — не, Сахалінка глядзела адкрыта, свабодна, нібы перад ёй распасціраўся родны акіян, бязмежная сіняя шырыня.