Читать «Дэтэктыўны сюжэт» онлайн - страница 9

Иван Прокопьевич Клименков

— Можна без прыгажосцяў, — з нотай раздражнення перапыніла яна. — Гэтае сюсюканне...

Ён пачырванеў.

— Сапраўды, сюсюканне. Я ведаю. Але што рабіць — таленту, як і розуму, не пазычыш, а мне хочацца, каб ты ўсё ўяўляла, як гэта ўяўляецца мне. Тады менш страху, што сюжэт забракуецца. Словам, гэты чалавек усміхаецца і зусім не здагадваецца, што праз хвіліну на яго абрынецца неймаверная бяда, якая ў адно імгненне зробіць яго самым няшчасным на гэтай светлай, утульнай планеце.

Ён ужо адчыняў дзверы машыны, як да яго падышоў хударлявы мужчынаў джынсах і пінжаку ў клетку, з акуратнай чорнай, з сівізной, бародкай, у цёмных, люстраных акулярах, ветліва, нібы яны ўжо даўно знаёмыя, павітаўся.

Тое, што з ім павітаўся незнаёмы чалавек, ніколькі не здзівіла Траўмана.

— Гэта што, прозвішча прататыпа?

— Ну так. Табе не падабаецца?

— Не вельмі. I калі ты ўжо спісваеш з натуры, то і заві свайго героя Альбертам.

— Але ж і гераіню трэба будзе тады назваць Рэгінай

— Само сабою.

— Ведаеш, мне гэта неяк... ну не зусім прыемна. Ужо надта мы зліваемся з героямі і падзеямі.

— Але ж ты сам таго хацеў.

— Праўда. Толькі занадта драматычна ўсё ў гэтай гісторыі. I не хацелася б, але хай будзе па-твойму. Значыць, Альберта ніколькі не здзівіла, што да яго звярнуўся незнаёмы. Прафесія і вядомасць адпавядалі таму... Пэўна ж, у яго нейкая справа, і, магчыма, мужчына з бародкай з гэтай хвіліны стане ўжо ягоным кліентам.

Але мужчына нечым розніўся ад іншых людзей, нібыта нейкае таўро ляжала на ім. У Альберта чамусьці сціснулася ў балючы камяк сэрца, горача запульсавала ў скронях, смуга заслала вочы. I таму ён адказаў на прывітанне не як звычайна ветліва, а суха, нават непрыязна.

— Чым абавязаны?

Ён стараўся як мага лепш разгледзець твар гэтага чалавека і не заўважаў у ім нічога такога, што выклікала б такую ўстрывожанасць. Але нешта падказвала, што аблічча незнаёмца толькі маска, пад якой хаваецца штосьці страшнае, бязлітаснае. Ён ледзь стрымаў у сабе неадольнае жаданне зняць з гэтага твару акуляры, зазірнуць у вочы, што хаваюцца за імі, у вочы свайму Лёсу.

— Зноў нешта не тое, — перапыніла яго Рэгіна. — Калі тэатр, дык тэатр, і героі павінны гаварыць пра сябе ад першай асобы.

— Яшчэ не прыспеў час, — з хітрынкай глянуў ён на жонку. — Пацярпі крыху.

— Не разумею цябе.

— Будзем лічыць, што я не зусім увайшоў у ролю. Пагадзіся, гэта не так лёгка, калі ідзе аповед пра мінулыя падзеі. Тут пераўвасобіцца, поўнасцю зліцца з героем проста немагчыма. I мне прасцей весці пераказ ад другой асобы. Так меней будзе фальшу.