Читать «Дэтэктыўны сюжэт» онлайн - страница 8

Иван Прокопьевич Клименков

— Так. 3 таго моманту, калі я прыйшоў дадому. Справа ў тым, я вырашыў інсцэніраваць задуманы сюжэт. Па-першае, гэта найлепшы спосаб, каб ацаніць яго вартасць. Па-другое, калі ўсё пойдзе, як я задумаў, табе не трэба будзе траціць час на абдумванне, дэталі, пейзажы. Застаецца толькі занатаваць тое, што бачыла і чула. I яшчэ адно — у мяне няўвязка з фіналам. Існуе некалькі варыянтаў, і я ніяк не магу выбраць лепшы. Можа, я і расказаў бы табе сюжэт, як ты кажаш, у некалькіх словах, хутчэй за ўсё, так і зрабіў бы, але канец — справе вянец. Без заключнай часткі, сам па сабе, сюжэт нічога не варты Вось я і надумаў...

— Што ж, — няпэўна пацепнула яна плячыма. — Як ведаеш.

— Ну і цудоўна. Значыць, пачнём, як ты і раіла. Жылі-былі муж і жонка. Ёй трыццаць два, яму сорак. Ён скончыў універсітэт, скончыў бліскуча, з чырвоным дыпломам. Яна — з інтэлігентнай сям'і, разумная, даволі ганарлівая, і пажаніліся яны, бо кахалі адно аднаго .I цяпер ён любіць яе больш за ўвесь гэты свет, больш за жыццё, яна, як яму думаецца, таксама сплачвае яму тым жа. Ён гатовы дзеля яе на ўсё, гатовы выканаць яе любое жаданне. I радуецца як малое, калі ў нечым дагодзіць ёй. Хаця знешне гэта на ім не выяўляецца. Такі ён ужо ад прыроды — маўклівы, педантычны сангвінік. Але ўсяго, чаго ён дабіўся ў жыцці: дастатку і вядомасці (ён ці не лепшы адвакат у краіне) — усё гэта дзякуючы ёй. Ён імкнуўся, як кажуць, быць на вышыні ў яе вачах.

— Чакай, — перапыніла яна. — Я пачынаю ўлоўліваць. Галоўны герой — гэта ты?

— I так, і не так. Толькі згодна сцэнарыю. Калі мы акторы, то нашто нам нейкі грым, другія імёны, звычкі. Няхай усё будзе так, як ёсць. Гэта спросціць нашу задачу.

— Выходзіць яна — бландзінка, высокага росту, з доўгімі стройнымі нагамі, прывабнымі грудзямі, прыгажуня з твару і, у дадатак, белетрыстка.

— Менавіта так, — зарадаваўся ён, — і белетрыстка, і бландзінка.

— I жывуць яны разам ужо дзесяць гадоў, ціха...

— Мірна, у дастатку

— I сумна.

— Хутчэй спакойна і мірна, без сямейных сцэн, сварак.

— Няпраўда былі і сваркі, і сцэны

— Ты забываешся, што мы толькі акторы, што ёсць сцэнарый і неабавязкова спісваць, калі можна так сказаць, з прататыпаў кожны штрых. Ды, урэшце, і сваркі, якія ўсё ж былі вельмі і вельмі рэдкімі, нельга і назваць сваркамі. Сварылася ты, а я маўчаў, бо ведаў, што табе проста трэба адвесці на некім душу. I, у асноўным, на літаратурнай, так сказаць, глебе. Калі ў цябе не ладзілася нешта з раманам ці аповесцю. На шчасце, такое было нячаста. У асноўным яны былі шчаслівыя. Ён неймаверна любіў сваю жонку, яна таксама. I абодва бязмежна любілі свайго сына.

— У нас няма дзяцей.

Ён з лёгкім дакорам паглядзеў на яе.

— Ах, я забылася. Вядзі далей.

— Дарэчы, нам даўно пара мець дзяцей.

— Божа, ну колькі паўтараць — дзеці будуць замінаць. Тут трэба адно альбо літаратура, альбо дзеці.

— Аднак жыць без дзяцей...

— Усяму свой час, - незадаволена ссунула бровы Рэгіна. — I прашу цябе, не цягні гуму. Так мы ніколі не дойдзем да развязкі

- Вінаваты, — нахіліў ён галаву. — Бяру адразу быка за рогі. Значыць, так, гэты бязмерна шчаслівы чалавек аднойчы раніцай выходзіць з дому, каб ехаць на судовы працэс, які прыцягнуў увагу ўсяго горада і які ён меў спадзяванне бліскуча выйграць. Настрой у яго быў цудоўны, ну проста эйфарычны. Надвор'е спрыяла таму, ціхае, цёплае. Ноччу прайшоў дождж, і паветра было свежае, пахла скошанай з газонаў травой. I неба блакітнае як ніколі. Без адзінай хмурынкі. Мір і спакой панавалі ўсюды. Як і цяпер. I ён усміхнуўся і небу, і сонцу, і ўсяму свету. Усміхнуўся шчасліва, даверліва, як дзіця.