Читать «Дэтэктыўны сюжэт» онлайн - страница 6
Иван Прокопьевич Клименков
— Так-так — і нашых грэшных душаў
I зноў нейкі час глядзеў у акно, потым глыбока ўздыхнуў, пакруціў галавой.
— "В багрец и золото одетые леса”. Што ні кажы, а генія распазнаеш з аднаго радка. Я адразу ж уяўляю бярозавы гай за горадам, дзе мы так любілі гуляць да жаніцьбы. Колькі цяпер там гэтай залатой лістоты... Памятаеш, яшчэ доўга, пасля таго як мы пажаніліся, я называў яго “нашым гаем”. Я запалоніў яго ў сабе, быццам ён належыць толькі нам і нікому болей. Ён і самае чыстае, самае светлае, што было і ёсць між табою і мной, непадзельна.
Яна здзіўлена глядзела на мужа, уражаная яго незвычайнай гаварлівасцю і чуллівасцю. Раней яна ніколі не заўважала ў ім ні ўзнёсласці, ні смутку. Упэўненасць і ўзорны кантроль над сабою — гэта быў існы Альберт. А сённяшнія яго паводзіны можна параўнаць хіба з тунгускім метэарытам: сюжэт, сентыментальныя маналогі, уздыхі.
“Што з ім? Ад чаго?”
— У мяне прапанова — паедзем туды. Зараз жа. Там так цудоўна.
Яна ўразілася яшчэ болей. Халадок незразумелага, беспадстаўнага страху казытнуў яе душу, які яна адразу ж і раскадзіравала неспакоем за яго псіхічны стан. Відаць, у яго сёння быў надзвычай цяжкі працэс, які стаміў яго, спустошыў душу да немагчымага, узвінціў нервы. Аднак усё адно гэтая паездка ў мінулае, як яна азначыла прапанову мужа, выклікала ў яе нутраны пратэст і прадчуванне нейкіх вельмі істотных і шпаркіх пераменаў.
— А сюжэт? — гэта ў першаю чаргу была спроба супрацьдзейнічаць яго прапанове.
— А ён мае да гэтай паездкі самае непасрэднае дачыненне Ну дык што?
Па напружаным твары мужа яна бачыла, як баіцца ён адмовы.
— Калі так — я згодна.
Твар Альберта адразу праясніўся.
— Я нават не спадзяваўся, — усміхнуўся ён. — I абяцаю — ты не пашкадуеш. Гэта будзе незвычайная паездка, вельмі незвычайная.
— Толькі нам трэба пераапрануцца.
— Навошта?
— Не ехаць жа мне прыбранай, як на шлюб? I ты...
— У гэтай сукні ты чароўная. А мне таксама хочацца падабацца табе. Як тады, у дзень шлюбу.
Ён дзівіў яе ўсё болей. Нібыта наўмыснай маскай здаваўся яго ранейшы, непранікнёна-спакойны, строгі твар. Нейкая дзіцячая адкрытасць і даверлівасць была зараз у яго ўсмешцы, у яго вачах.
— Падабацца? 3 якой гэта нагоды?
— Бо вельмі люблю цябе.
Кепік, які гатовы быў вырвацца, застыў у яе на вуснах. Ніколі, можа толькі ў тыя, перадвясельныя часы і першыя месяцы пасля вяселля, ён так адкрыта не гаварыў пра сваё каханне. Мо хвіліну яна не зводзіла з яго ўражаных вачэй, потым, як бы пазбаўляючыся ад недарэчнай, неверагоднай думкі, паволі пакруціла галавой.
— Нешта тут не тое.
Ён усміхнуўся, але ўсмешка была штучная. Пэўна, ён і чакаў з яе боку шчырага водгуку на сваё пачуццё.
Яна паспяшалася апраўдацца.
— Проста не звыкла чуць ад цябе такое Ты так даўно не гаварыў пра гэта.
— Хіба сама ты таго не адчувала, не ведала?
— Адчувала, ведала. Але заўсёды хочацца чуць пацвярджэнне.
— Калі часта гавораць пра пачуцці, то гэта прыкідванне.
— Усё адно.
— Вінаваты. Паспрабую выправіцца.
— Паедзем на машыне?
— Возьмем таксі. А назад — аўтобусам. Лічы, што мы едзем на наша спатканне. Як пятнаццаць гадоў таму.