Читать «Дэтэктыўны сюжэт» онлайн - страница 15
Иван Прокопьевич Клименков
— Ну, такое наўрад ці можа быць, — засумнявалася Рэгіна.
— Думаеш? А каханне з першай сустрэчы, з першага позірку? Ці і не ёсць яно самае шчырае, самае бескарыснае? Калі ты кахаеш і не ведаеш каго — генія ці прасцячка, высакароднага рыцара ці махляра, а мо нават і забойцу? Не, як сабе хочаш, а такое каханне — вяршыня пачуццяў.
Рэгіна нейкі час маўчала, потым паглядзела Альберту ў вочы і ціха прамовіла:
— Можа, і так. Але вернемся да твайго няшчаснага героя.
— Вернемся.
Час ішоў. У цяжкім атупенні Альберт сядзеў у крэсле, пазіраў на ўлюбёных і не ведаў, што рабіць. Канечне, можна знішчыць гэтага прыгажунчыка, наняць забойцу ці самому... Але што гэта зменіць? Ніякімі высілкамі, ніякім агнём не вырвеш, не выпаліш з яе сэрца тое, чым перапоўнена зараз яно.
— Слухаю вас.
Перад ім стаяла афіцыянтка з нататнікам у руках, — маладзенькая, зусім дзяўчо, а ён доўга і няўцямна пазіраў на яе і не мог асэнсаваць, што ёй патрэбна. Потым вінавата ўсміхнуўся, узняўся, як робат перастаўляючы ногі, пайшоў да выхаду. Ужо каля дзвярэй спыніўся, паглядзеў на Рэгіну, і пакутная грымаса скрывіла яго твар. Але ў наступнае імгненне яе сагнаў выраз гневу і помслівай крыўды.
I сам таго не чакаючы, праз зубы, расцягваючы кожны склад, ён прадыхнуў:
— Не аддам. Не ад-дам.
Паставіўшы машыну ў гараж, ён дацямна хадзіў па горадзе, бесперапынна курыў, намагаўся нешта прыдумаць, знайсці нейкае выйсце, ды так, нічога не прыдумаўшы, накіраваўся дадому. I тут яго ахапіла вострае, пакутна-салодкае хваляванне. Безумоўна, жонка ўжо даўно дома. I, само сабою, не здагадваецца, што ён ведае ўсё. I, пэўна ж, будзе выдаваць сябе за бязгрэшную праведніцу, у душы смеючыся над ім. Што ж, зараз яны памяняюцца ролямі і яна сама трапіць у сваю пастку.
Зларадны, едкі смяшок вырваўся з яго горла, ён узбуджана пацёр далонь аб далонь і прыбавіў кроку. Яму не цярпелася як найхутчэй убачыцца з Рэгінай, не цярпелася пачаць гульню, якая будзе ёй самай жорсткай і самай справядлівай помстай за яе вераломства.
Рэгіна сядзела за пісьмовым сталом і пакутавала над аповесцю, якую збіралася адаслаць на конкурс. Hi на твары, ні ў вачах яе не было і знаку перажывання, раскайвання альбо трывогі. Позірк яе быў спакойны, ясны, і на твары гэткі ж спакой
— Дзе ты быў? — спытала яна. — Я ўжо пачала непакоіцца.
— Сустрэў старога сябра, — адказаў ён. — Ну, само сабою, успаміны, роспыты... I добра, што я сустрэў яго. Вельмі ж не хацелася ісці дадому, ведаючы, што цябе яшчэ няма. У апошнія часы я не люблю адзіноты. Яна прыгнечвае, наганяе тугу.
— А гэта ўжо для мяне навіна, — зазначыла яна. — Раней ты любіў пабыць адзін.
— То раней. Ну як твае справы?
— Усё тое ж .. Ведаеш, чым я займалася ўвесь дзень? Сядзела ў бібліятэцы і праглядвала публікацыі аб крымінальніках. Спадзявалася, што натраплю на матэрыял, які б можна было ўзяць за аснову аповесці. Ды дзе там...
"Д’ябальская вытрымка, — жахнуўся ён — Гэта не жанчына. Гэта пачвара — жорсткая, пажадлівая, бессаромная. Як я мог падманвацца, бачыць у ёй чыстую, бездакорную душу, лічыць яе за самую святасць?"