Читать «З запісак рэдактара» онлайн - страница 41

Борис Саченко

Ну і я... Не вытрымаў я, здаў сваю пасаду. На сваё месца параіў Броўку. "Прап'е Саюз", — кажуць мне. "Не, не прап'е. Вось калі вы не паставіце яго, то сап’ецца". Я аказаўся праў...

Я пахваліў некаторыя творы Лынькова — "Над Бугам", "Міколка-паравоз".

— Ага, сёе-тое ўсё ж мне ўдалося напісаць, чаму я вельмі рады. А потым пісаць не было калі — закіраваўся я.

Успаміналі Стаховіча зноў.

— О, такога даставалы, прабівалы пашукаць! Напісаў сваіх " Лясных салдатаў". Шум усюды, а твора няма. Сабраў у сябе п'яны гармідар. "Чысты Чэхаў", — хваліць Барысенка. Твардоўскі: "Хто передасть прелесть белорусского языка на рускую мову". А сам Стаховіч: "Правда" просіць друкаваць падваламі і "Известия". Не ведаю, каму перавагу аддаць?" А мне чытаць не дае. Я, пакідаючы зборышча, кажу Стаховічу: "А мне дай усё ж пачытаць. Я старшыня і павінен ведаць, што члены Саюза пішуць". Даў. Я прачытаў, паклікаў Стаховіча і кажу: "Перастань трубіць. Аповесць слабая. Ніякія "Правда" і "Известия" друкаваць яе не будуць". Так яно і было.(...)

— Цікава, а за што Вас у 37-м браць хацелі?

— Адна яўрэйская газета ў Парыжы перадрукавала маё апавяданне "Гой", і нешта перадрукавалі ў Заходняй Беларусі. Вось і ўся віна мая...

Лынькоў цяжка дыхаў, гаварыць яму было нялёгка. Я перадаў яму "кантычку", папрасіў не падводзіць рэдакцыю.

— Добра, артыкул я напішу. А цяпер давай, уюнаша, пабражнічаем... Каньяку хочаш ці "беленькай"?