Читать «З запісак рэдактара» онлайн - страница 43

Борис Саченко

— Не думаў я, што Вы, Пётр Усцінавіч, былі такі нясмелы з дзяўчатамі ў юнацтве?

— Ха, усе мы мужыкі. Вось марачкі былі на гэта спяцы. А мы... Цяпер толькі ўспомнілася, колькі не скарысталі магчымасцей...

***

На пасяджэнні рэдкалегіі, калі планы зачыталі.

— А моладзі пакідаеце месца? - I на мяне глядзіць. — Я малады ў рэдакцыі "Полымя" працаваў.

***

Рыгор Шырма. Памёр P.P. Шырма...

Прыгожа пражыў ён жыццё, шмат зрабіў для культуры нашага народа.

"Шмат" — нават і слова не тое, няма, мабыць, у мове нашай таго слова, якое б увабрала ў сябе тое, што зрабіў Шырма для народа, культуры, мовы, песні. Добра, што і слава яго не абмінула...

Некалькі разоў сустракаўся я з ім.

Першы раз — будучы студэнтам. Зайшлі мы з выкладчыцай папрасіць яго выступіць у нас на факультэце. Жыў тады ў доме ля касцёла. Помню пакой з вельмі высокай столлю, шафы з кнігамі і папкамі. I стары дзядок з белымі вусамі, брывамі і барадой. Маленькі ростам. I запрасіў адразу ж усіх на размову. Размова ішла пра збіранне фальклору. "Добра, што збіраеце. Але збіраць — мала, фальклор трэба выдаваць. Вось у мяне колькі сабрана песень, народнага меласу. А ляжаць усе ў пап­ках. 3-за мяжы шлюць мне кнігі, а я не магу ім нічога прапанаваць. Лепшае не выдадзена, а тое, што выдадзена, — выдадзена дрэнна. Вось паглядзіце, як выдаюць фальклор за мяжой". I пачаў паказваць нам кнігі, адну за адной.

Некалькі вельмі цікавых сустрэч было ў "Полымі", дзе мы хацелі, каб ён напісаў свой жыццяпіс.

- Пішу. Але пішу надта ж паволі.

Самыя помныя ж сустрэчы — на Свіцязі, на нарадзе маладых. А.Вярцінскі, П.Макаль і я неаднойчы хадзілі з ім па лесе, неаднойчы сядзелі ў яго пакойчыку. Захоплены быў паэзіяй. Гаварыў пра М.Танка, як выдаваў яго першую кнігу ў Вільні, пра С.Крыўца. У яго былі два чорныя агульныя вялікія сшыткі вершаў С.Крыўца, і ён чытаў нам тыя вершы. Вершы незвычайныя і пра тое, пра што ніводзін заходнебеларускі паэт не напісаў (а можа, напісаў, ды яшчэ не надрукаваў).

— Трэба гэта выдаць! Абавязкова! — гаварылі мы.

— I выдаў зборнік С.Крыўца. Праўда, без многіх, мусіць, самых лепшых яго вершаў — пра Сталіна, тое, што рабілася ў Заходняй Беларусі ў першыя гады Савецкай улады.

Сустракаліся мы часта з Р.Р.Шырмам на вуліцы, на ро­зных пасяджэннях. Неяк, ідучы з М.Танкам, спыніліся на вуліцы, гаварылі пра жыццё, пра апошнія цікавыя падзеі. Я, ведаючы, што Р.Р.Шырма не зусім прымае "Песняроў", спытаў, чаму так. Вывад Шырмы быў адзін: яны псуюць беларускую песню, уносяць чужыя матывы ў іх выкананне, не характэрныя для беларускай песні.

- Але ж усё адно слухаць "Песняроў" прыемна, добра, што хлопцы на нашай аснове усё робяць.

— Таму іх і слухаюць. Інакш іх бы ніхто не прыняў бы, каб не было такой пульсацыі народнага беларускага мел асу. Людзі згаладаліся па ўсім народным. Радыё, тэлебачанне забівае рознымі "бугамі-вугамі".

Апошні год мы жылі з ім у адным доме. I, сустракаючыся, я заўсёды любаваўся ім: які прыгожы дзядок. I як прыгожа ён жыве!