Читать «З запісак рэдактара» онлайн - страница 32
Борис Саченко
Некалі зусім невядомы пісьменнік становіцца пасля сваёй смерці другім празаікам пасля Чорнага. Адкопваем усё новыя і новыя яго творы, і кожны твор — камень у падмурак помніка. 3 такой цяжкасцю ўдалося надрукаваць раман "Віленскія камунары". Жывыя ж яшчэ тыя, хто садзіў, знішчаў Гарэцкага. Потым — "Камароўская хроніка". Цяпер — Гарэцкі-апавядальнік. Як паставіцца Кавалёў, ці надрукуе тое, што я выбраў?.. Калі надрукуе — адразу ж пачнуць гаварыць пра дарэвалюцыйную прозу па-другому. Не толькі адзін Колас, але і Гарэцкі. Прычым Гарэцкі куды вышэй у прозе, куды смялей. Гарэцкі — стыліст, Гарэцкі — даследчык жыцця. Гарэцкі... Што і казаць, Гарэцкі — пісьменнік! А там жа яшчэ ёсць і Ядвігін Ш. Коласу-празаіку давядзецца дзяліцца славаю.
Хачу артыкул напісаць пра Гарэцкага. Калі ўдасца — напішу.
16.4.68 г.
Зайшоў учора ў рэдакцыю Я.Брыль. Не да Кавалёва, а да нас у аддзел. Прасядзеў больш 3-х гадзін. Сабраліся амаль усе, гаварылі пра літаратуру. Я ўспомніў тыя часы, калі Брыль быў намеснікам. Сказаў яму: тады для мяне рэдакцыя была новым універсітэтам.
"Чаму ж ты тады гэтага не казаў, а толькі цяпер?" Кавалёў хадзіў, як вош на падкове. Заела яго, што Брыль не да яго ў кабінет зайшоў, а да нас. Сядзеў у кабінеце адзін... Наогул, у кабінет да яго цяпер ніхто і не заходзіць. Хіба толькі пакліча каго ці па справе.
Потым хадзілі з Адамчыкам, сустрэлі Юрэвіча. Кажа — працаваць больш у "Маладосці" немагчыма.(...)
Зноў Брыля спаткалі. Зноў доўга размаўлялі. "Мару напісаць аповесць для дзяцей". 3 Адамчыкам пасля гаварылі — ці не штучна створана ў нас дзіцячая літаратура, ці трэба яна наогул? Літаратура не для малалетак, а для падлеткаў. Падлеткі хай лепей чытаюць тое, што ёсць лепшага ў літаратуры. Брыль робіць даклад на пленуме. Кажа, не думае пра даклад. А відаць — думае: як зрабіць? Сумленна, як Ляонаў? Ці па-іншаму?.. Расказваў пра пісьмы Фадзеева ў ЦК, пра кнігу Горкага, якая ў нас не друкуецца, пра дзённік і пісьмы Горкага... Аказваецца, многага мы проста не ведаем.
Цэнзура забракавала маю аповесць "Ноч няволі". Выкідаў-выкідаў, чысціў-чысціў — і ўсё адно нешта знайшлі. Узяўся чытаць А.Бажко. Калі ж званок да яго быў не з ЦК, а з Галоўліта, — усё будзе ад Бажко залежаць: мае на мяне зуб ці на М.Вышынскага (рэдактара) — я прапаў. Не мае — можа, хоць з папраўкамі аповесць пойдзе...
Амаль не хвалююся, хоць пісаць і не магу. Прывык ужо да ўсяго. Не магу толькі прывыкнуць працаваць у любых умовах. Каб працаваць — трэба сабрацца, усю энергію душы накіраваць на нешта адно. А гэта нялёгка, калі на цябе штодзень звальваецца не адно, дык другое. Мару пра той час, калі кіну працу, паеду куды-небудзь далёка ад горада, ад розных дробных клопатаў, і сяду пісаць. Спакойна, абдумана, глыбока... Ці будзе хоць калі гэта?..