Читать «З запісак рэдактара» онлайн - страница 26

Борис Саченко

Танк сур'ёзна не гаварыў. "Кавалёў вопытны рэдак­тар, умее працаваць з калектывам. Лічым, калектыў харошы. Вам весела будзе працаваць — рэдактар рэдагаваў гумарыстычны часопіс". Пасля гаварылі мы, дакладвалі, што маем у рэдакцыі і што б мы хацелі мець. Кавалёў быў стрыманы, больш слухаў.

Дзён два ў рэдакцыі было па-старому. Хварэў Скрыган, і я сказаў у рэдакцыі, што варта наведаць старога чалавека. Пайшлі Чыгрынаў і Кавалёў. Выпілі па добрай чарцы. Я.Скры­ган: "Трэба друкаваць у часопісе нешта і для душы, а не толькі каб падабацца начальству". Я пахваліў апавяданні Я.Брыля. "Выдатныя творы напісаў Брыль".

Дарогаю Кавалёў сказаў: "Быў у мяне Алешка. Тры гадзіны ліў гразь на ўсіх вас. Што такое? Пташнікаў хваліць аповесць, а ты?" Я адказаў сумленна: аповесці няма, слабая як у ідэйных, так і ў мастацкіх адносінах. 'І наогул, не трэба слухаць усялякіх хадакоў. Сумленныя літаратары пішуць, працуюць, а не ходзяць абліваць гразёю другіх". (...)

У рэдакцыі П.Кавалёў зрабіў нараду. Аказваецца, усё тут ідзе не так, як трэба. "Не так здаюцца матэрыялы, ёсць скаргі, не ў час аўтары атрымліваюць адказы на свае творы, няма чаргі, хроніка не тая, рабочы дзень трэба змяніць, работнікаў рэдакцыі я буду ганяць па камандзіроўках, і г.д., і г.д.". Я не вытрымаў — разоў шэсць-сем агрызнуўся. Я.Скрыган: "Чаргі не можа быць. Ёсць творы добрыя, і іх трэба друкаваць. I ёсць слабыя — іх трэба бракаваць". А.Клышка: "Хроніка павінна быць культуры, а не палітычнага, эканамічнага жыцця. На гэта ёсць іншыя часопісы". Разбілі калектыўна ўсе кавалёўскія пачынанні. Сядзеў чырвоны. Калі нарада скончылася, сказаў мне: "Ты мне не падабаешся". — "Я не для таго, каб падабацца Вам. Я ў рэдакцыі для работы. I наогул, я, відаць, пайду з рэдакцыі". — "Куды?" — "Знайду месца".

Пазванілі ў Галоўліт. Аказваецца, затрымалі №5 "По­лымя". Падпісала Ярашэўская, а Маркевіч сказаў затрымаць. Чыгрынаў дзяжурны. "Я казаў Вам, Павел Нікіфаравіч". Той задаволена ўсміхнуўся. Ад Скрыгана даведаўся: П.Кавалёў у апавяданнях Я.Брыля знайшоў палітычныя памылкі. Падкрэсліў усё, даў прачытаць Шкрабу, Вялюгіну і, відаць, занёс у ЦК. Па дарозе з выдавецтва выпілі са Скрыганом і Чыгрынавым бутэльку віна. Чыгрынаў паехаў на тралейбусе, а мы асталіся са Скрыганом. Кажу: "Вы павінны ўсіх падняць на ногі, а не даць Кавалёву зняць апавяданні. Перамога яго натхніць, пла­кала ўся беларуская літаратура!" Доўга гаварылі са Скрыга­ном пра ўсё. Ён: "Я вінават, што не заўсёды быў настойлівы. Многія слабыя творы не павінны былі друкавацца".

Апавяданні Я.Брыля пайшлі. Без аніводнай праўкі. У Галоўліце быў Бачыла. Але, адчуваю, усё зрабілі Танк і Брыль. У рэдакцыі — радасць. Я.Скрыган: "Усё адно як выйшаў я з турмы. Другая такая радасць сёння, стаўлю ўсім каньяк. Прыхавайце на вечар". Кавалёў спаслаўся на хваробу, сказаў, што ў рэдакцыю не прыйдзе, папрасіў, каб Скрыган падпісаў нумар. Я.Скрыган: "Бачыш, і цяпер баіцца".(...)

Учора прыходзім на работу, чуем: Скрыган прыслаў праз Бачылу заяву, каб яго вызвалілі ад пасады намесніка. П.Кавалёў: "Чаму са мною ён не параіўся?" Ніхто нічога не сказаў — Кавалёў жа са Скрыганом не раіўся, калі некуды насіў апавяданні Брыля. Кавалёў дзень перабыў як мыла з’еўшы, потым некуды пайшоў — ці не ў ЦК. У рэдакцыі — перапалох. Без Танка ды Скрыгана — ці варта аставацца ў "Полымі"? Увечары пазваніў Я.Скрыгану: "Што Вы надумалі? Hi ў якім разе цяпер не пакідайце рэдакцыю. Не давайце Кавалёву волі". — "Ён выказаў мне палітычны недавер. Я не магу працаваць, калі мне не вераць. Прыедзе Танк, хай пры ім разбяруць нашу спра­ву". Калі ўсё добра выйдзе, Кавалёва адвучаць лезці, куды не трэба. I адразу, на першых кроках. Хай адчувае, хто ён. А калі Я.Скрыган пойдзе з работы?.. Усё можа быць.