Читать «З запісак рэдактара» онлайн - страница 18

Борис Саченко

I гэта яшчэ раз пацвярджае тую ісціну, што вядома ўсім: нельга рабіць усё і ні за што не адказваць. Рана ці позна, а адказваць за зробленае прыйдзецца... 3 Броўкам адыходзіць у нябыт цэлая эпоха ў гісторыі беларускай літаратуры. Цяжка, вельмі цяжка будзе лепшаму ўзяць верх над горшым. Але ўсё ж лепшае некалі пераможа горшае. Тут не трэба быць вялікім прарокам, проста трэба бачыць, як развівалася і развіваецца гісторыя...

***

Бог ты мой, калі мы дажывём да такога часу, каб можна было гаварыць праўду і не баяцца! Выступіў на секцыі, сказаў, што думаў і пра выдавецтва, і пра тое, што некаторыя нашыя "класікі" захапіліся выданнем сваіх шматтомнікаў... і ўсе пакрыўдзіліся. (...) А гэта — чакай непрыемнасцей. Праз дзень І.Навуменка сказаў — у трох чалавек, з якімі ён гаварыў, дрэннае ўражанне пра маю аповесць "Апошнія і першыя". Ну і што! Нібыта я пішу так, каб усім падабалася. I ніхто, відаць, так не піша, няма ніводнага, бадай, твора ў літаратуры, які падабаўся 6 усім. "А ларчик просто открывался" — у Навуменкі на рэцэнзіі мая аповесць. I нехта хоча адразу ж паўплываць на яе лёс...

Толькі пасля пашкадаваў, што не сказаў Навуменку, каб ён вярнуў рукапіс у выдавецтва. Нябось як пра М.Стральцова, то не слухаў нічыіх думак, напісаў рэцэнзію дадатную, хаця Ул. Дамашэвіч кнігу бракаваў... I той выдаў кнігу. А пра мяне баіцца пісаць, што думае. (...)

16.12.66 г.

Колькі часу — якога дарагога часу! — некаторыя пісьменнікі трацяць на тое, каб дабіцца ўлады, дэпутацкіх значкоў, прэмій! Каб увесь час гэты яны думалі пра свае творы, сядзелі за рукапісамі — колькі б чаго цудоўнага было створана, як бы мы пабагацелі!..

I хочацца маліцца. Божа, злітуйся нада мною, не дай і мне захварэць на гэта! Паберажы мяне...

17.12.66 г.

Я думаў, што ў Броўкі забіраюць уладу нашы старэйшыя, каб усё рабіць для народа, літаратуры. Аж не. Пакуль што яны робяць усё для сябе — шматтомнікі, кватэры, самазадаволенне ўладай. Уладкоўвае кожны свае справы. I толькі.

Пра народ, літаратуру ніхто не думае...

31.12.66 г.

Ha дварэ — адліга, а ўсюды — замаразкі, самыя сапраўдныя замаразкі. 3 №1 "Полымя" знятая аповесць А.Васілевіч. Мяняецца час. Месяц назад аповесць гэтая не выклікала 6 ніякіх сумненняў. Танк жартуе — каб можна было, узяў бы падушку ды схаваўся б у "Полымя". А "Полымя" таго, былога, ужо няма. Страчана, беззваротна страчана. Казека, пры яго асцярожнасці, "Полымя" не павядзе, як трэба было б весці. Надзея на рэдкалегію. Але калі і ў яе ўвядуць двух загадчыкаў — прозы і нарыса, і рэдкалегія будзе не тая.

О, я ведаю трошкі гэтых людзей. Яны могуць усё зрабіць, абы застацца, абы ім слава была, абы не пусціць нічога лепшага за іхнія творы... Карпаў у параўнанні з імі нішто. Давядзецца змагацца некалі, давядзецца ачышчаць зноў Аўгіевы канюшні... Пакуль Я.Скрыган у рэдакцыі, яшчэ можна бу­дзе неяк жыць, нешта рабіць. Але яму — 62 гады. А далей, далей што?