Читать «З запісак рэдактара» онлайн - страница 16

Борис Саченко

22.8.66 г.

Чытаю "Братоў Карамазавых". Вось чаго, вось чаго мне не хапае — Дастаеўскага. I не толькі мне — усёй нашай літаратуры! Не чытаць гэтую кнігу трэба — вывучаць. Усё можна выкінуць, спаліць — пакінуць толькі "Братоў Карамазавых"...

I як я раней гэтага не адчуваў?

Чытаў — і не адчуваў!..

17.11.66 г.

Усёй беларускай літаратуры не хапае жанчыны. Можа, таму яна такая і сумная, нецікавая. Паспрабавалі Я.Колас і I.Мележ увесці жанчын у творы — і іхнія творы загучалі. Літаратура — самы інтымны від мастацтва. Кнігу чытаюць наадзіне, а наадзіне чалавек думае пра ўсё. I не трэба баяцца падштурхнуць яго думкі на інтымнае. Не было б Аксінні — хіба б гэтак чытаўся "Ціхі Дон"? Ці чыталіся б так "Мужыкі" Рэймонта без Ягны? Альбо "Ганна Карэніна" Талстога? Пакуль беларускія празаікі не ўвядуць ва ўсёй сваёй велічы і нізасці жанчыну ў свае творы, датуль беларуская літаратура будзе нечытэльнай.

27.11.66 г.

Пісьменнік павінен пісаць свой час. Толькі тады ён будзе цікавы сваім сучаснікам, калі ў яго творах будзе адлюстраванне сучаснасці... Без сучаснасці няма пісьменніка... Наш час — самы велічны, самы незвычайны... Лухта, якая лухта усё гэта! Быццам час, што быў раней, меней быў цікавы, мен ей велічны, мен ей незвычайны. Варта ўспомніць толькі вайну, 1937 год, калектывізацыю, рэвалюцыю... Яшчэ далей — паўстанне 1863 г., прыгон, 1812 год, і г.д., і г.д. Чым той час горшы за наш для пісьменніка? Чым лепшы наш час за той, мінулы? Толькі хіба тым, што мы жывём цяпер і не бачылі, не ведаем таго, ранейшага... Але ж жыццё чалавека — гэта яго змаганне са смерцю, з забыццём. Калі ў нас, у Беларусі, былі вялікія пісьменнікі таго часу, асталіся калі б іх творы — жыў бы для нашага народа той час. А так — яго няма, няма тых людзей, што жылі некалі. I задача наша — абнавіць тое, што было. Не ўсё, дык хоць трошкі таго... Чалавек жыў і тады, чалавек жыве і цяпер. I заўсёды яму было цяжка жыць. Не толькі таму, што яго ўсе, хто над ім, душылі, гнялі, але і таму, што ён — чалавек смяротны.

Прыйшоўшы на зямлю, ён павінен яе пакінуць, адысці. I ў гэтым — яго ўся радасць, усё гора, уся яго замілаванасць і бяда. Чалавеку трэба памагчы жыць на гэтым свеце. Ён адрокся ад рэлігіі, ад таго, што вякамі памагала яму хоць трохі ў цяжкіх выпадках, давала куды схавацца яго духу. Цяпер ён адзін на зямлі. I ён не вечны, і зямля яго не вечная таксама. I ён гэта ведае... Зоры — другая зямля — далёка, далёка ад яго... Пісьменнік — адзіны абаронца чалавека на зямлі, бо ўсё, што дасюль рабілі дзяржавы, урады для чалавека — не што іншае, як большае заняволенне чалавека, большы прымус.

Чалавеку трэба памагчы пражыць сваё жыццё на зямлі — вось асноўная задача літаратуры. Усё ж астатняе, што гаворыцца, — лухта.