Читать «З запісак рэдактара» онлайн - страница 15

Борис Саченко

2. Наша літаратура губляе нацыянальнае аблічча, робіцца інтэрнацыянальнай. У творах праблемы нацыі не падымаюцца, няма і нацыянальных тыпаў... Мала таго, рэдка ў якога паэта нават верш з’яўляецца пра Беларусь... Купалам гаварыў некалі цэлы народ, нацыя заяўляла аб сабе як аб нацыі, якая хоча гаварыць, пісаць і жыць па-свойму... Цяпер у паэтаў — гульня ў рыфмы, рытмы, робяць цацкі на ёлку... А паэт — гэта барометр часу, ён павінен усё чуць, бачыць і пра ўсё гаварыць...

3. Аддалілася мова ад народнай плыні, усё часцей і часцей сустракаеш замест сакавітага народнага выразу кальку з рускай, сухое паведамленне, а не паказ...

4. Няма народнага духу, няма стыхіі, якая неад’емная якасць усіх найлепшых твораў сусветнай літаратуры. Стыхіі не толькі ў творы, але і ў характарах — чалавек хоча зрабіць так, а стыхія яго прымушае рабіць па-свойму. Барацьба "Я" — розуму і сэрца, з тым, што ў чалавеку невядома і што ў пэўны час вядзе за сабою чалавека, хаця розум і сэрца супраціўляюцца,— гэтага ўсяго няма. Ёсць затое клетачкі — усё расчэрчана, усё вядома, сядзі толькі і канстатуй...

Не пералічыць, што мы страцілі. Галоўнае ж, што страцілі, — літаратура больш не жыве праблемамі нацыі... I гэтага гісторыя нам не даруе. Ніколі.

***

Канечне, творы Мележа, Брыля, Панчанкі, Танка будуць уплываць на літаратуру.(...) У іх будуць вучыцца майстэрству менавіта радка, беларускаму слову, якое можна так паставіць, каб яно іграла, свяцілася...

Калі гавораць, што сённяшняя літаратура вышэй за класіку, то часам забываюць, што класіка вытрымала ўжо выпрабаванне часам. А ці вытрымаюць гэтае выпрабаванне творы, напісаныя намі? Паглядзіце на сябе, таварышы пісьменнікі, праз пяцьдзесят, сто год! Што ад вас астанецца? Па дзесяць-дваццаць год прайшло з дня апублікавання вашых твораў — і то яны ўстарэлі. А што астанецца праз пяцьдзесят, сто?

Мяне, ва ўсякім разе, пераконвае класіка: творы, дзе няма нацыянальных характараў, няма нацыянальных праблем, дзе няма нечага агульначалавечага, — не астаюцца, яны паміраюць...

А ў творах нашых пісьменнікаў сучасных гэтага якраз і бракуе. Мала таго — у іх няма роздуму, няма філасофіі свайго часу. Яны ілюструюць толькі час... (...)

Каб самому пісаць, трэба прааналізаваць усё, што да цябе напісалі. Каб не паўтараць нечых памылак, каб другі раз не вынаходзіць веласіпед. Памылкі, вядома, будуць, але яны павінны быць маімі памылкамі... (...)

Чытаў прозу А.Наўроцкага. Вось ён, відаць, усіх нас абыйдзе і пойдзе далей. Калі, вядома, ніхто яму не пяройдзе дарогі.

14.8.66 г.

(...) Трэба паэзія, проза, трэба гаварыць, хто мы і чаго прыйшлі на гэтую зямлю. Трэба думаць пра Беларусь, пра вялікі і гаротны свой народ. Народ, які яшчэ не дажыў да таго, каб прызнаць сваю мову. Трэба на многае адкрываць людзям вочы. А мы забаўляем людзей гульнёй у рыфмы. Чорнага, Чорнага няма.

***

Быў на памінках Я. Коласа. Броўка гаварыў, што вось каб жыў Я.Колас, то як бы ён радаваўся, што ў зямлі, якой ён служыў усё жыццё, знайшлі нафту, вугаль, соль... I ні слова пра тую справу, якой аддаў Колас жыццё, — беларускае слова. А яно выганяецца са школ, радыё, газет, ВНУ... Яно робіцца зноў "неблаговидным", "ненужным"... Прасілі і мяне выступіць ад маладых. Добра, што адмовіўся. Гаварыць пра Я.Коласа трэба. Толькі не, не так, як гаварыў П.Броўка.