Читать «"...Прысвяціць сябе справе блізкай, харошай!”» онлайн - страница 3

Юлія Бібіла

Праз 22 гады вярнулася ў Мінск, аднавіла працу ў Белдзяржбібліятэцы. Збірала рэспубліказнаўчы і краязнаўчы кніжны фонд. Распачала бібліяграфічную рэгістрацыю друку БССР, складанне першай у Беларусі краязнаўчай бібліяграфічнай картатэкі. У суаўтарстве з Ф. Амерынай склала “Летопись печати БССР. Ч.ІІІ. 1917-1924. Тетрадь 2”, у якой былі ўлічаны выданні на рускай, польскай, яўрэйскай мовах. Прыняла ўдзел у складанні “Бібліяграфіі па гісторыі Беларусі” (феадалізм, капіталізм) пад аўтарствам М.Г. Крэканэ, А.А. Сакольчыка. Разам з А.А. Сакольчыкам падрыхтавала бібліяграфічны даведнік “Асвета Беларускай ССР за 50 год Савецкай улады” (1973).

Вярнуўшыся на радзіму, аднавіла сувязі, ліставанне з тымі, што засталіся, нешматлікімі інтэлігентамі, людзьмі, неабыякавымі да лёсу Беларусі часоў сваёй маладосці. Дзялілася ўспамінамі, цікавілася творчасцю маладых. Засталася ў памяці жывой, уважлівай да духоўна-культурных праяваў жыцця, лёсаў інтэлігенцыі.

Гартаваная няпростымі жыццёвымі абставінамі, руплівая інтэлігентка-асветніца Юлія Бібіла сваёй працай рэальна дапамагала даследчыкам беларушчыны спасцігаць культурніцкія, навуковыя здабыткі свайго народа, яго гісторыю. Інакш кажучы, працавала над стварэннем своеасаблівай лоцманаўскай карты для арыентацыі ў моры кніг, часопісных ды газетных публікацый. І за гэта ёй гаворыць “дзякуй” сёння, і яшчэ скажа, не адно пакаленне працаўнікоў навукі, асветы, палітыкі.

Чытачам “Дзеяслова” прапануюцца мемуары Юліі Восіпаўны, якія напісаны ў 1967 г. па просьбе Арсеня Сяргеевіча Ліса і цяпер захоўваюцца ў асабістым фондзе навукоўца і пісьменніка ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Тэксты запісаны ў 1 агульным і ў 15 вучнёўскіх сшытках, апошнія адрозніваюцца колькасцю аркушаў, якія аўтарка ўкладала ў кожны сшытак. Аркушы спісваліся з аднаго боку, другі пакідаўся для дапаўненняў і заўваг. Большасць сшыткаў мела назву, напісаную на вокладцы алоўкам: Поразава, Свянціца, гімназія, Бабруйск, курсы, зноў Бабруйск, людзі, сябры, чытачы і прыхільнікі, Дзяржаўная бібліятэка (Беларускі аддзел). Самы вялікі аб’ём маюць сшыткі, у якіх Юлія Бібіла распавядала пра вучобу на Бястужаўскіх курсах у Пецярбургу (55 рукапісных старонак) і працу ў Белдзяржбібліятэцы (77 старонак у агульным сшытку). Многія тэксты пачынаюцца з эпіграфаў на лацінцы, цытат з твораў беларускіх, польскіх, рускіх аўтараў. Тэксты напісаны аўтаручкай на вучнёўскіх лістах у клетку, дробным, прыгожым, чытэльным почыркам.