Читать «"...Прысвяціць сябе справе блізкай, харошай!”» онлайн - страница 12

Юлія Бібіла

Гімназія нядаўна заснавалася (гэта быў першы выпуск), і бібліятэкі там не было. Кнігі даставалі ў знаёмых і малазнаёмых. Трапіліся мне творы Ф. Дастаеўскага, якія я пачала глытаць. Дзіўнае ўражанне ён рабіў на мяне. Я ў думках спрачалася з ім часта, але ён зацягваў мяне. Цікава, што пасля гэтага юнацкага захаплення я праз гады не магла ўзяць у рукі яго твораў. Нават калі я ўбачыла на экране “Ідыёта”, які мне дужа спадабаўся, я не магла дачытаць узятай кнігі. Але лекцыі Н[естара]. Катлярэўскага пра Дастаеўскага на курсах слухала з цікавасцю.

Знаёмства з каралямі з лёгкай рукі Шэкспіра працягвала серыя “Тайны вен­ценосцев”. Іх многа было, гэтых не тоўстых, у мяккай вокладцы кніжак, відаць дадаткаў да нейкага часопіса. Атрымала дакладнае знаёмства з жонкамі і не жонкамі Генрыхаў, Людовікаў, рыцарскімі паводзінамі, здраднікамі, прыдворнымі інтрыгамі. Дасведчаныя ўводзіны ў сусветную гісторыю...

Мае сябры-хлапчукі захапляліся “сышчыкамі”, якія ў той час завалодалі сэрцамі юнакоў. Можна было назіраць такую карціну: на стале ляжыць задачнік або граматыка, чыстая старонка сшытка, а хлопец сядзіць, унурыўшыся ў невялічкую кніжачку ў каляровай вокладцы і глытае прыгоды чарговага выпуску “сышчыкаў”. Яны і мяне спакушалі, але душа мая не ляжала да забойстваў, крадзяжоў і іх выкрывальнікаў. Ці ж можна параўнаць гэта з таямніцамі каралеўскіх палацаў?

Праўда, захавалася ў памяці і кніга “Антон Крэчат” (не з гэтай серыі) пра разбойніка А. Савіцкага, які дзейнічаў недзе ў Магілёўшчыне. Ён нагадваў сваімі ўчынкамі “Дуброўскага” А. Пушкіна. Аб ім я потым знайшла матэрыял гістарычны ў час[опісе] “Историч[еский] вестник” (1911, № 12).

У дзяцінстве мне не трапляліся кнігі для дзяцей, абмінула мяне і Чарская. У народнай школе былі кнігі для чытання (Ушынскага, Тахцяровых) - і ўсё. І вось у 1919 - 1920 гг., калі я ўжо была настаўніцай, мой таварыш па школе, настаўнік З., прынёс мне вялікую пачку кніг для юнацтва. Гэта быў харошы падбор кніг, якія ён доўгі час збіраў: Брэт-Гарт, Джыаваніолі, Войніч і г.д. і г.д. Я прагна накінулася на гэтыя кнігі. Гэта былі змрочныя часы акупацыі, а кнігі - аддушына, праз якую павявала свежым паветрам.

А першая “вялікая” кніга, якая трапіла ў мае рукі, быў раман Сянкевіча “Агнём і мячом”. Я тады яшчэ не вучылася ў гімназіі. Стала я адольваць гэту кнігу. Бацькі хацелі яе схаваць, казалі, што я яшчэ малая і нічога не зразумею, але я ўпотай памаленьку чытала і чытала. Не ведаю, ці многа я прачытала, але некаторыя малюнкі і цяпер паўстаюць у маёй памяці. А вобразы Гелены, Скшэтускага, Заглобы і Валадыеўскага замянілі мне забаўкі і сяброў (гадавалася я адна). З імі я вяла бясконцыя выабражальныя размовы, і мне не было сумна.