Читать «"...Прысвяціць сябе справе блізкай, харошай!”» онлайн - страница 14

Юлія Бібіла

Пажаніліся 22 лістапада 1853 г.

Бацька (маткі, дзед Юліі - Т.К.), яго брат жанаты з сястрой Каліноўскага.

Насельніцтва мястэчка Поразава: яўрэі - саматужнікі і гандляры - і беларусы. Побач з бабаю жыў саматужнік, які фарбаваў пражу для вясковых ткачых. Праз плот сада можна было бачыць розных колераў маткі, развешаныя на дручках для прасушкі. У цэнтры мястэчка былі крамы больш заможных гандляроў, дзе можна было набыць крамніну і абутак. Тавар прывозілі з Ваўкавыска і нават з Беластока. Аб такой падзеі паведамлялася пад сакрэтам і запэўнялася, што тавар - гэта нешта незвычайнае: “Толькі для вас”. Неяк мне перапалі парадныя туфлі з матчынай нагі беластоцкага вырабу. Тэкстыльная крама знаходзілася недалёка ад воласці. Можна было наглядаць цікавыя сцэнкі. Вось з крамы выходзяць мужчына і жанчына. Па адзежы відаць, што з вёскі. Гандлярка дорага просіць за тавар, з ёю таргаваліся, яна не ўступае, але і траціць не хоча купца. Выбягае з крамы і крычыць: “Ну, куды ж вы пайшлі? Вярнецеся! А якая ваша цана? Давайце памяркуемся!” Варочаюцца і “мяркуюцца”.

Шмат было маленькіх крамак з рознастайным асартыментам тавараў: цукар, газа, цвікі, табака.

У завулках жылі пекары. Бабка мяне часта пасылала па абаранкі ці куханы “з пылу з жару”. У печы з аднаго боку гарыць агонь, з другога - чыгун з варам. Гатовыя абаранкі на доўгай вузкай дошцы - бух у чыгун з вадою. Нейкія яшчэ магічныя рухі, і ў мяне ў руках гатовая прадукцыя. А ў хаце - верхал, падлога брудная, пасцель раскідана, смаркатыя дзеці чапляюцца за матчын прыпол. Якая там санітарыя! Абаранкі звычайныя і на “яйках”, куханы - круглыя, пляскатыя, пасыпаны цыбуляй і макам. Можна было іх набыць у разносчыцы Хасі, якая з вялікім кашом абыходзіла сваю “парафію”. Выгляд яе неахайны: брудная паркалёвая ў шырокіх фалдах спадніца з абрынданым прыполам і фартухам, невыразнага колеру хустка пакрывала нячэсаныя валасы. Маткі саромелі сваіх дзяўчат: “Прыбярэцеся, ходзіце як Хася”.

Паразоўцы... Гэта не проста мяшчане або сяляне. Яны лічылі сябе блізка што за паноў, бо ўсіх вясковых называлі мужыкамі, хамуламі. Насельніцтва не было пад прыгонам. Вось і заганарыліся нашчадкі, нават, матка казала, хадакі ездзілі ў Пецярбург здабываць нейкія свае правы, але варочаліся з парожнімі кішэнямі.

Апроч гонару, нічым не адрозніваліся ад іншых. Мелі вузкія палоскі малаўрадлівай зямлі, падраблялі ганчарствам. Маладыя ехалі ў свет шукаць работы. Колькі ў Амерыку паехала! Бедавалі там, рэдка каму ўдалося стаць на ногі. Аднаго такога я памятаю. Антось Паплаўскі. Ён ажаніўся з “амерыканкаю”, набыў дом, прыязджалі яны з жонкай ў мястэчка і нават матку заахвочвалі ехаць у Амерыку. Яна так добра шыла і вышывала, а ў індустрыяльнай краіне такія работы дорага каштуюць, але матка, хаця і не мела ніякіх перспектыў на бацькаўшчыне, не паквапілася на амерыканскія даброты.

Каб паглядзець, як працуюць ганчары, не трэба было далёка хадзіць, толькі перайсці дарогу. Дзядзька ў зрэбных нагавіцах і кашулі, завязанай жычкай каля каўняра, падкасаўшы рукавы, мясіў гліну як цеста. Вельмі ўважліва прыглядаўся і выбіраў самыя дробныя каменьчыкі. Кавал гліны для гаршка ці збанка клаў на дзеравянны кружок, які жалезным прутком злучаўся з другім, большым, і пачынаў гэты апошні круціць нагамі, а рукамі, намачыўшы, прыдаваў гліне патрэбную форму.