Читать «"...Прысвяціць сябе справе блізкай, харошай!”» онлайн - страница 11

Юлія Бібіла

Трапіла мне ў рукі кніга “У 2000-тысячным годзе”, фантастычны раман невядомага аўтара. Я была ў захапленні. Шмат аб якіх цудах даведалася. Мяне ўразіла вопратка са шкляных валокнаў, якую будуць насіць людзі. Станеш у такой вопратцы на адпаведнае месца і трапіш пад нейкі асаблівы душ, які цябе абмые разам з тваім адзеннем. Але яшчэ большым дзівам здалося мне слуханне лекцый прафесара, які сядзіць у сваёй кватэры і чытае, а слухачы - у аўдыторыях далёка ад яго.

Ці думала я, што дажыву да большых цудаў, аб якіх аўтару гэтай фантазіі і ва сне не снілася? Гэтыя моманты засталіся ў маёй памяці, а што там гаварылася аб пабудове новага грамадства, засталося ў тумане.

Я стала шукаць іншыя кнігі на гэту тэму. Дзіўна, што ў той час абмінуў мяне Жуль Верн. А вось Кампанела з яго “Горадам сонца” і Мор з “Утопіяй” спаткаліся на маім шляху. Яны перада мною паставілі шмат пытанняў. Людзі ў такія далёкія ад нас часы марылі аб грамадстве, дзе не было б ні багатых, ні бедных, ні цароў, ні начальнікаў. Ці будзе калі-небудзь так? Якая гэта прыгожая мара! Але як яе ажыццявіць? Дзе тыя сілы? Ніхто не мог мне адказаць на гэта. Усякія крамольныя думкі заставаліся толькі ў маёй галаве, а я пераходзіла да іншых захапленняў.

У той час я пазнаёмілася з кнігамі Л. Талстога. Была гэта “Споведзь” ці “У чым мая вера?” не памятаю. Толькі мае рэлігійныя ўяўленні сталі на дыбкі. Я пакінула маліцца, хаця ў царкву прымушана была хадзіць, як і ўсе гімназісткі - ды яшчэ парамі. Потым ў мяне апынуўся Рэнан аб жыцці Хрыста (не без удзелу майго сябра настаўніка). Вось толькі з ім я і магла пагаварыць аб прачытаным. Але ён заўсёды выклікаў мяне на спрэчкі, а сам не вельмі стараўся выказаць свае погляды, не імкнуўся навязаць свае думкі.

У выпускным класе здарылася са мною нечаканая непрыемнасць. Гэта было ў пачатку навучальнага году. Сабралі праваслаўных у зал на малітву. Звычайна чыталі па малітвенніку. Але на гэты раз малітвеннік некуды падзеўся, і дырэктар выклікаў мяне. Я сказала, што адчуваю сябе дрэнна (гэта сапраўды было так) і не магу чытаць. Ён настояў. Я пачала чытаць “Отче наш” і... збілася, два разы пачынала і... выйшла. Скандал мог скончыцца дрэнна для мяне. Я была першай вучаніцай, адносіны настаўнікаў і нават дырэктара (а яго ўсе баяліся і дрыжэлі перад ім, тольга не я; мяне часта пасылалі да яго ў якасці дэлегата, каб уладзіць якое-небудзь непаразуменне) былі самыя найлепшыя. Бібілачка ды Бібілачка! Вось табе і раз!

Я зайшла ў куток і давай сябе экзаменаваць, ці сапраўды я забылася на гэтыя пацеры. Прачытала правільна. Цяпер я магла спакойна гаварыць са свяшчэннікам, які мяне выклікаў. Я сказала, што была ўсхвалёвана (сказала яму прычыну), і таму здарылася такая недарэчнасць. Ён мяне вылучаў сярод іншых вучаніц, бо часам я задавала пытанні, і называў мяне філосафам. Памятаю, папыталася я, як разумець “троичность” бога: бог айцец, бог сын і бог дух святы ў адной асобе, мне гэтага ніяк не ўцяміць. Ён адказаў прытчаю. Блажэнны Аўгустын хадзіў у роздуме па берагу мора і думаў аб гэтым пытанні. Убачыў дзіцёнка, які ракавінай пераліваў ваду з мора ў ямку. Папытаўся, што ён робіць. Той адказаў, што пералівае мора. Здзівіўся. “Вось так і ты розумам не поймешь “троичности” бога”, - адказаў хлопчык-ангел. Вось гэты свяшчэннік і ўладзіў справу.