Читать «Мая бібліятэка. Паліца першая» онлайн - страница 5

Янка Сипаков

Я папрасіў у Сяргея Сцяпанавіча пачытаць «Раман без хлусні», а пачытаўшы — вярнуў. Хацелася выканькаць кнігу назаўсёды, але не адважыўся. Бо адчуваў — не аддасць. Настаўнік сам даражыў ёю.

У Ясеніна ёсць верш «Развітанне з Марыенгофам».

Ах, Толя, Толя, ты ли, ты ли.

В который миг, в который раз —

Опять, как молоко застыли

Круги недвижущихся глаз.

Прощай, прощай. В пожарах лунных

Дождусь ли радостного дня?

Среди прославленных и юных

Ты был всех лучше для меня.

В такой-то срок, в таком-то годе

Мы встретимся, быть может, вновь.

Мне страшно, — ведь душа проходит,

Как молодость и как любовь.

Гэты верш быў напісаны паэтам перад яго паездкаю вясною 1922 года за мяжу і падараваны Марыенгофу. З’явіўся верш у друку тады, калі Ясенін быў за мяжою. Аднак Сяргей Аляксандравіч потым не ўключаў яго ні ў адзін са сваіх зборнікаў. Нібыта прадчуваючы, што пасля яго смерці Толя напіша аб ім не вельмі далікатны «Раман без хлусні», які нават тагачасная «Літаратурная энцыклапедыя» пад рэдакцыяй А. В. Луначарскага моцна пакрытыкавала:

«Акрамя вершаў, Марыенгоф выпусціў аўтабіяграфічны «Раман без хлусні», прысвечаны галоўным чынам інтымным бакам жыцця Ясеніна і свайго ўласнага. Эгацэнтрычная бесцырымоннасць, самаўлюбёнасць, схільнасць да таннай сенсацыі робяць гэту кнігу адначасова і бульварна-мяшчанскай чытанінай і дэманстрацыяй буржуа, які апусціўся супраць новага ўкладу жыцця, што ствараецца рэвалюцыяй».

А сам Ясенін, вярнуўшыся з-за мяжы, напісаў вельмі характэрны верш:

Грубым дается радость.

Нежным дается печаль.

Мне ничего не надо,

Мне никого не жаль.

А на улице мальчик сопливый.

Воздух поджарен и сух.

Мальчик такой счастливый

И ковыряет в носу.

Ковыряй, ковыряй, мой милый,

Суй туда палец весь,

Только вот с эфтой силой

В душу свою не лезь.

У мяне і сёння на кніжных паліцах стаяць успаміны Матвея Ройзмана «Усё, што памятаю пра Ясеніна». Вось радкі толькі са зместу:

«Ясенін разважае пра «Моцарта і Сальеры». «Ясенін расказвае пра сябе». «Суд над імажыністамі. Выступленне Маякоўскага. Водпаведзь Ясеніна». «Галя Беніслаўская». «Пісьмо Канстанціна Ясеніна». «Сварка Ясеніна з Марыенгофам», «Выступленне Рурыка Іўнева».

Рурык Іўнеў, якога сябры, жартуючы, называлі «блукаючай ныркай імажынізму», быў лепшым сябрам Ясеніна. Вось яго кніга «Каля падножжа Мтацмінды». А ў ёй — успаміны «Пра Сяргея Ясеніна».

Іх Рурык Іўнеў пачынае нечакана:

«Самымі праўдзівымі мемуарамі лічаць «Споведзь» Жан-Жака Русо. Але я ніколі не забуду, што сказаў аднойчы Вячаслаў Іваноў: «Русо думаў, што ён даў крайне праўдзівую споведзь, аднак яна атрымалася ў яго самай ілжывай, так як ён перакрывіў у ёй да непазнавальнасці свой уласны вобраз, сказіў свядома, мяркуючы, што смакаванне сваіх недахопаў ёсць найвышэйшая праўдзівасць.

А самая вялікая вартасць мемуараў — гэта тое, калі аўтар дае праўдзівы вобраз чалавека, а не адны праўдзівыя факты».

Менавіта такім праўдзівым і атрымаўся вобраз Сяргея Ясеніна ва ўспамінах Рурыка Іўнева. Мемуарыст не вышукваў у памяці нейкія непрыстойныя факты, а ствараў дастойны партрэт сябра. І свой — таксама.