Читать «Мая бібліятэка. Паліца першая» онлайн - страница 7

Янка Сипаков

Кнігу забаранялі нават перасылаць? І праўда, глупства! Як амаральную? Лухта!

І вось Айседора Дункан робіцца жонкай Сяргея Ясеніна. Неяк хутка, амаль імгненна. Яна — шчыра любіць сваю Амерыку, ён — да самазабыцця любіць сваю Расію.

І несумненна — абое любяць адно аднаго.

Дункан палюбіла рускага паэта, па сутнасці, яшчэ хлапчука, пасля найвялікшай сваёй трагедыі. Яе дзетак, Патрыка і Дзердры, у закрытай аўтамашыне змыў дождж у Сену.

Вось як у сваіх успамінах пра Айседору «Нерасказаная гісторыя» піша пра гэта яе сяброўка Мэры Дэсці:

«Аўтамабіль, у якім яна (няня-англічанка) і дзеці патанулі, быў з закрытым вер­хам, і пакуль ён напаўняўся вадою, няня прыціскала дзяцей да грудзей, спрабавала прыкрыць іх пледам і з адчаем і жахам глядзела, як марудна набліжаецца смерць».

Сама ж Дункан успамінае тое, здавалася б, шчаслівае ранне:

«Патрык буяніў болей, чым заўсёды. Забаўляючыся, ён пераварочваў крэслы, і калі крэсла падала, Патрык крычаў ад радасці».

«Чароўнасць вясны і выгляд маіх дзяцей, румяных, прыгожых і шчаслівых, усялялі ў мяне такую радасць, што я раптоўна выскачыла з пасцелі і пачала танцаваць з імі. Мы ўтраіх заліваліся смехам. Няня, усміхаючыся, глядзела на нас».

І ўсё ж:

«Пацалаваўшы дзяцей, я сказала:

— Я хутка вярнуся!

На развітанне Дзердры прыціснула вусны да шкла. Нагнуўшыся, я пацалавала шкло з другога боку у тым жа месцы. Дакрананне да халоднага шкла пакінула ў мяне трывожны асадак».

Як выразна ўсё ўспамінаецца ёй пасля трагедыі!

І вось ён. Сярожа. Таксама, хоць і малады, аднак са сваімі клопатамі і праблемамі.

Успаміны Дункан заканчваюцца яе прыездам у Расію, у СССР:

«Бывай, Стары Свет! Прывітанне Новаму Свету!»

Яна прыняла «рускую рэвалюцыю» і прыехала дапамагаць ёй.

А пра Айседору і Сярожу зноў жа ва ўспамінах яе сяброўкі Мэры Дэсці. У яе «Нерасказанай гісторыі».

«Раптам дзверы з трэскам расчыніліся, і перад Айседорай узнік самы прыгожы твар, які яна калі-небудзь бачыла ў жыцці, апраўлены залатымі, цудоўнымі кучарамі, з поглядам блакітных вачэй, які пранікаў у душу. Паэта і танцаўшчыцу не спатрэбілася прадстаўляць адно аднаму. Гэта быў лёс. Яна адкрыла абдымкі, і ён упаў на калені, прыціскаючы яе да сябе, прамаўляючы: «Айседора, Айседора, мая, мая!»

Потым яна ўжо не памятала, як танцавала, як Ясенін чытаў вершы, як яны прыехалі да яе дадому. Яна памятала толькі «галаву з залатымі кучарамі», якая ляжала ў яе на грудзях і словы «Айседора, Айседора, мая, мая!» і да самай смерці гаварыла, што памятае, як яго блакітныя вочы глядзелі ў яе вочы і як у яе з’яўлялася адзінае пачуццё — закалыхаць яго, каб ён адпачыў, яе маленькае, залатавалосае дзіця».

«З гэтага дня ў Айседоры не было ні гадзіны спакою, і вельмі хутка яна зразумела, што малады паэт не толькі вялікі геній, але і вар’ят. За ім заўсёды хадзіла група прыяцеляў, якія яго ні на хвіліну не пакідалі і не давалі ім застацца ўдваіх».

Яны, Сяргей і Айседора, часта бывалі ў Сяргея Канёнкава. Яны любілі да яго заходзіць, і ён любіў іх бачыць у сваёй майстэрні: сядзіць, нешта стругае. Можа, новага Ягора-пасечніка. А, можа, ужо і яго самога, Ясеніна, выразае, вызваляе з дрэва.