Читать «Мая бібліятэка. Паліца першая» онлайн - страница 3

Янка Сипаков

Толю я не мог адмовіць. Мы з ім яшчэ ў школе прачыталі ўсё, што можна было знайсці ў Зубрэвічах. Потым хадзілі па кнігі ў Дубраўку, дзе пры сельсавеце была бібліятэка. Якая там бібліятэка! Усяго толькі адна шафа з кнігамі, што самотна ста­яла каля сцяны. Мы справіліся з ёю хутка.

Дасюль памятаю тое нечакана прыемнае ўражанне, якое зрабіла на мяне кніжачка Івана Мележа «Гарачы жнівень», знойдзеная ў гэтай бібліятэцы. Другая кніга пісьменніка. Але тады, у школе, я не ведаў, другая яна ці першая ў Мележа. Не ведаў, што Іван Паўлавіч даражыў ёю — яна яму таксама падабалася. Для мяне яна, маленькая, была ўжо Кнігаю! Гэткай жа, як і першая кніга Янкі Брыля «У Забалоцці днее», якая выйшла ў 1951 годзе і якую я купіў яшчэ школьнікам. Першая кніга пісьменніка, якая была так высока ўганаравана — яна атрымала Сталінскую прэмію. Хтосьці з зубраўцоў, калі пасвіў у сваю рату кароў, узяў яе ў мяне пачытаць у поле. І пакінуў у канцы сваю рэцэнзію: «Очань інцярэсная кніга».

Здаецца, там, у той дубраўскай шафе, мы нечакана знайшлі і старую, старадаўнюю кнігу — з яць, з дзіўным загалоўкам: «Дон Кишот Ламанческий» — і прачыталі яе.

У Толі ўжо тады была свая бібліятэка. Ён трымаў свае кнігі на гарышчы і таму старэйшыя зубраўцы пры сустрэчы, убачыўшы ў ягоных руках новую кнігу, усміхаліся:

— У цябе там яшчэ столь у хаце не праламілася ад іх?

Час быў цяжкі, пасляваенны — мы ж пайшлі ў школу, калі яшчэ грымела вайна. А Беларусь ужо вызвалілі, і школа сабрала нас, дзяцей вайны — галодных і босых. Але з вялікаю прагаю вучыцца.

Тады была ва ўсім строгасць. І быў вялікі голад. Выключна на ўсё. І на кнігу — таксама.

Памятаю, як Захар Міхайлавіч Рубанаў, наш настаўнік па рускай літаратуры, а потым і дырэктар школы, даверыў нам з Толем, даў пачытаць па вельмі вялікім сакрэце, папярэдзіўшы, каб нікому не паказвалі і не гаварылі пра гэта, томік вершаў вялікага рускага лірыка Сяргея Ясеніна, які на той час быў у СССР чамусьці забаронены.

Да гэтага часу памятаю тую вабную кніжачку з беластволымі бярозамі на вокладцы — яе адразу ж хацелася разгарнуць і чытаць.

Там, где капустные грядки

Красной водой поливает восход,

Кленёночек маленький матке

Зелёное вымя сосёт.

І гэта напісаў пятнаццацігадовы хлапчук? Неверагодна! І мне ж, калі я чытаў кнігу, было амаль столькі ж. Дзіця... Нічога сабе, карапуз!

А гэта:

Поет зима — аукает,

Мохнатый лес баюкает

Стозвоном сосняка.

Кругом с тоской глубокою

Плывут в страну далекую

Седые облака.

Ды гэта ж сама музыка! Чуеце: о-а-у... Сапраўды «аукает»! У араторыі, якую выдатны рускі кампазітар Георгій Свірыдаў напісаў на выдатныя вершы Сяргея Ясеніна і якую я вельмі люблю і зараз, гэтыя словы і гукі, здаецца, з’яўляюцца ці не ключавымі.

Тая кніга назаўсёды зрабіла мяне прыхільнікам паэзіі гэтага сапраўднага лірыка, ці як яго потым назавуць наступныя пакаленні, — рускага салаўя.