Читать «Мая бібліятэка. Паліца першая» онлайн - страница 4

Янка Сипаков

Я і па гэты дзень ведаю на памяць шмат ягоных вершаў: «Вы помните, вы всё, конечно, помните». «Ты меня не любишь, не жалеешь», «Черный человек» і інш.

У маёй бібліятэцы ёсць аж два зборы твораў Сяргея Ясеніна — адзін, шасцітомны, такі, якім бы яго хацеў бачыць і сам паэт, якім ён склаў яго яшчэ пры жыцці, і другі — зялёненькі такі, вельмі прывабны, які мне прысылалі — кожны том — накладною платаю аж з Пастаў: быў там у камандзіроўцы, натрапіў на падпіску, адстаяў у чарзе. І падпісаўся! Праўда, пяты, апошні том, дзяўчаты з кнігарні не прыслалі — навошта, за яго ж ужо было заплачана, — і мне давялося даставаць яго ў букіністаў.

Я вельмі люблю гэтае выданне. У ім і наіўная, вучнёўская аповесць «Яр», у якой відаць, як паэт старанна вучыцца пісаць прозу: «Па акенцах куп’істага балота слізгалі ваўкі. Буры важак пацягнуў носам і клацнуў зубамі. Прымоўклая зграя ўчула здабычу»; і «Персідскія матывы»; і «Краіна нягоднікаў», за што, мусіць, паэт і заплаціў сваім жыццём; і вершы з «Масквы кабацкай», пасля якой нават звычайныя вершы, шчырыя на пачуццё, ва ўсіх, без выключэння, савецкіх паэтаў абзываліся ясеніншчынай; і чыстая, як сляза, сапраўдная-сапраўдная, шчырая-шчырая, аж баліць, паэзія рускай душы вялікага рускага паэта. Ва ўсіх пяці тамах!

У выданні шмат унікальных фотаздымкаў: Ясенін сярод сялян вёскі Канстанцінава; цудоўны партрэт кучаравага паэта з люлькаю, зроблены ў 1919 годзе; партрэт, зняты ў апошні год жыцця — якая чысціня, шчырасць, дабрата, давер і наіўнасць у вачах! А вось 1912 год, Сяргей з сёстрамі Кацяй і Шурай: старэйшая манерна паклала на нагу брата сваю ручку, а меньшанькую, якая сядзіць ля яго, Сяргей прытрымлівае рукамі. І ўсе такія чысценькія, дагледжаныя. І прыгожыя.

Успаміны пра Сяргея Ясеніна. Пад рэдакцыяй Юрыя Прокушава. Выдадзеныя ў 1975 годзе.

Ясеніна паступова, але настойліва, вярталі ў рускую і савецкую паэзію. Паэта, які жыў, «волнуясь сердцем и стихом». Ён не займаўся паэзіяй, ён дыхаў ёю пастаянна.

Адзін з сучаснікаў спытаўся ў яго:

— Вечна ты бадзяешся, Сяргей. Калі ж ты пішаш?

— Заўсёды, — адказаў Ясенін.

Кнігу ўспамінаў, як гэта і мае быць, адкрываюць сёстры. Тыя самыя маленечкія дзяўчаткі Каця і Шура, што на здымку. Аказваецца, у іх абедзвюх ёсць свой літаратурны склад, свой стыль. Кацярына Аляксандраўна стварае своеасаблівы партрэт узаемаадносін брата з мясцовай барыняй Лідзіяй Іванаўнай Кашынай, якая адна жыла ў панскай сядзібе, у двухпавярховым доме ў вялікім панскім садзе. Значыць, «Ганна Снегіна» — не выдумка паэта, а рэальная жанчына. Як рэальнае, мне так здаецца, і каханне, расказанае ў паэме.

Когда-то у той вон калитки

Мне было шестнадцать лет.

И девушка в белой накидке

Сказала мне слово: «Нет!»

Далекие милые были!..

Тот образ во мне не угас.

Мы все в эти годы любили,

Но, значит, любили и нас.

Я веру кожнаму слову паэта. Бо цяпер, пасля ўспамінаў Каці і Шуры для мяне гэтая ягоная паэма — аўтабіяграфічная.

Калісьці вельмі хацеў мець «Раман без хлусні» Марыенгофа. Гэтая кніга была ў Сяргея Дзяргая, які нам усім, маладым і пачынаючым пісьменнікам, быў нібыта за няньку.