Читать «Мая бібліятэка. Паліца першая» онлайн - страница 2

Янка Сипаков

Але ж чалавек, які чытае кнігу, — шчаслівы чалавек.

Ды і бібліятэка — гэта сама чысціня, давер, парадак. І цішыня. Дзе яшчэ, як не ў бібліятэцы, можна пачуць затоенае, як дыханне, шалясценне кніжных старонак?! Якое не парушае цішыні, а, наадварот, упрыгожвае яе.

Маё дзяцінства — гэта кнігі. Мы, дзеці вайны, чыталі апантана. На перапынках у школе хуценька рабілі ўрокі на заўтра, каб дома нішто не замінала нам сустрэцца з любімаю кнігаю, з любімымі героямі, каб хутчэй даведацца, што з імі адбывалася далей.

Разумеючы час і эпоху, усё ж з болем успрымаеш відавочнае: сённяшняя моладзь, пакаленне Пепсі, Маўглі, камп’ютарных монстраў ды памперсаў, кніг амаль зусім не чытае...

Кнігалюбы лічылі маю бібліятэку адной з лепшых у Мінску. Я ж так не лічыў. Бо ведаў сапраўдных асаў «палявання на кнігу», сярод якіх быў і мой самы блізкі — ад студэнцкіх год і на ўсё жыццё — сябра Барыс Сачанка.

Я ж збіраў жывую бібліятэку.

Значыць, кнігі былі мае сябры, і было іх у мяне шмат.

Я шанаваў кожную кнігу. Браўся разглядаць новыя набыткі свае толькі шчыра памыўшы рукі. Нікому не дазваляў загінаць у кнігах старонкі, крэсліць іх. Я любіў кнігу і таму шанаваў яе, даражыў ёю.

А памятаеш, як шанаваў кнігу Гогаль? Мікалай Васільевіч. Яшчэ будучы юна­ком. У Нежыне. У гімназіі.

Пачакай, дык а дзе ж гэта ты чытаў? А, у «Праметэі». У гісторыка-біяграфічным альманаху з серыі «ЖЗЛ». Вось ён, том трынаццаты. «Кнігі для Гогаля». «Любоў да кнігі была страсцю Гогаля». Першы біёграф пісьменніка П. А. Куліш расказвае, што, калі Гогаль быў у Нежыне, ён з’яўляўся захавальнікам бібліятэкі, якую гімназісты выпісвалі на агульную складчыну. Абавязкі свае гімназіст Гогаль выконваў надзвычай старанна. «Кнігі выдаваліся бібліятэкарам для чытання па чарзе. Той, хто атрымаў для прачытання кнігу, павінен быў у прысутнасці бібліятэкара ўсесціся паважна на лаўку ў класнай зале, на паказаным яму месцы, і не ўставаць з месца да таго часу, пакуль не верне кнігу. Г этага мала: бібліятэкар уласнаручна загортваў у паперкі вялікі і ўказальны пальцы кожнаму чытачу, і толькі тады давяраў яму кнігу. Гогаль бярог кнігі, як каштоўнасць».

У Мікалая Васільевіча была свая вялікая бібліятэка. Аднак у апошнія месяцы яго жыцця пры ім было ўсяго 234 кнігі: рускіх кніг у пераплётах 87 і такіх жа без пераплётаў 63; замежных кніг у пераплётах 57. І такіх жа без пераплётаў 27.

А ў ліпені ж 1841 года з Масквы ў Рым, дзе на той час знаходзіўся Гогаль, толькі адпаведна рэестру было адпраўлена 363 кнігі з яго збору. Дык дзе ж падзеліся астатнія кнігі? Дзе, урэшце, уся яго бібліятэка?

У жыцці і смерці Гогаля было шмат таямніц.

І гэта таксама адна з такіх загадак.

Значыць, Мікалай Васільевіч Гогаль загортваў пальцы чытачоў у паперкі. Каб не папсавалі старонак.

Ведаеце, як і мне, калі я аддаваў каму-небудзь кнігі з маёй бібліятэкі, хацелася рабіць тое ж самае!

Мой аднакласнік, мой зубрэвіцкі сябра Толя Круцікаў, калі мы ўжо жылі ў Мінску, неяк выпрасіў у мяне пачытаць «Архіпелаг ГУЛАГ». Трохтомнік. Вялікія такія, важкія кнігі. Чысценькія і акуратненькія. Рэпрынтнае ўзнаўленне са збору твораў А. І. Салжаніцына, выдадзенага ў Францыі (Вермонт, Парыж).