Читать «Мая бібліятэка. Паліца першая» онлайн - страница 11

Янка Сипаков

Нашы хатнія бібліятэкі ўсё папаўняліся. Ды так, што архітэктары і будаўнікі, якія рупіліся пра наша жыллё, пачалі думаць пра тое, каб умацаваць канструкцыі кватэр з разлікам на вялікую вагу нашых пашаноўных кніг. Дзе яшчэ ў свеце было такое?!

Захваляваліся сябры лясоў — ды гэтак жа мы, калі ўсё пойдзе так і далей, знішчым усе лясы, усю тайгу, перарэжам усе пушчы і пусцім іх на новыя кнігі!

Аднак трыумфальнае шэсце кнігі па Савецкім Саюзе ўжо немагчыма было спыніць.

Камю і Сартр, Верхарн і Рэмбо, Фолкнер і Моэм, Басё і Ду Фу, Лагерквіст і Лагерлёф, Уітмен і Аскар Уайльд, Апдайк і Фіцджэральд, Гамер і Канфуцый, Хаям і Фірдаўсі, Авідзій і Катул, Кэндзабура Оэ і Іўлін Во, Ражэ Вайян і Карлас Фуэнтас, Кабо Абэ і Кавабата, Герман Гесэ і Рэмарк, Карл Сэндберг і Герман Бёль, Рансар і Апалінэр, Сент-Экзюперы і Дос Пасос, Лорка і Пецёфі, Пірандэла і Унамуна, Марыяк і Акутагава. Гэтыя імёны лашчылі нам слых, хвалявалі сваёй недасягальнасцю, дражнілі наша ўяўленне. І кожнага з іх мы хацелі, мы марылі, мы праглі набыць у сваю бібліятэку. І радаваліся, калі гэта спраўджвалася.

Усе яны, творцы і мудрацы розных часоў, эпох і народаў, зрабіліся для нас на той час нашымі сучаснікамі, і мы часам шмат каго з іх уяўлялі сваімі сябрамі. Мы абыходзіліся з імі, як са сваімі равеснікамі.

— Што, ты яшчэ не чытаў «Сто гадоў адзіноты» Маркеса? — ушчувалі мы кагосьці, хто пакуль не пазнаёміўся з гэтым, нашумелым у той час, раманам.

— А памятаеш, у Бадлера: «Но ходить по земле среди свиста и брани исполин­ские крылья мешают тебе»? — спяшаліся мы падзяліцца сваёй радасцю адкрыцця з кімсьці.

Чакай, дык у цябе ж ёсць «Альбатрос» і па-беларуску, перакладзены Сцяпанам Ліхадзіеўскім.

Часта ловяць сабе на забаву матросы

Там, дзе горкая бездань, ні знаку зямлі,

Белых птахаў, вялізных марскіх альбатросаў,

Што рашыліся суправаджаць караблі.

І як толькі на палубе іх рапластаюць,

Сарамлівых, няспрытных блакіту цароў,

Крылы жаласна белыя іх пачынаюць

Валачыцца, як вёслы, з абодвух бакоў.

Гэта з анталогіі паэзіі свету ў беларускіх перакладах ХХ стагоддзя «Г аласы з-за небакраю», якую склаў Міхась Скобла.

Цудоўны пераклад — і ў тэме, і ў рытме, і па-беларуску! А вось апошняя страфа, на мой погляд, не зусім удалася. Нейкая вялая і бляклая атрымалася.

На зямлі ж яму шыкаюць, сыплюць папрокі,

І гіганцкія крылы абцяжваюць крок.

Не, усё-такі ў Вільгельма Левіка лепей:

Но ходить по земле среди свиста и брани

Исполинские крылья мешают тебе.

Дарэчы, ён жа, Міхась Скобла, склаў і другую такую ж кнігу — «Анталогія беларускай паэзіі ХХ стагоддзя». Гэтым важкім, дыхтоўным двухтомнікам ганарыцца мая бібліятэка!

— Ого, ты набыў аж усе тры раманы Фолкнера? У серыі «ХХ стагоддзе»? Віншую! А ты ведаеш, што ён адказаў прэзідэнту ЗША, калі той пасля прысуджэння пісьменніку Нобелеўскай прэміі запрасіў Фолкнера ў Белы Дом на чай?