Читать «Мая бібліятэка. Паліца першая» онлайн - страница 12

Янка Сипаков

Я ведаў. Нобелеўская прэмія яму была прысуджана ў 1949 годзе. У Фолкнера было выдадзена шмат раманаў. Але са славутай трылогіі — «Вёсачка», «Горад», «Асабняк» — быў напісаны толькі адзін — «Вёсачка».

Фолкнер — фермер. Даведаўшыся пра запрашэнне прэзідэнта, ён абурыўся. І адказаў прыкладна вось так:

— У мяне самае жніво. Клопатаў — хоць адбаўляй. Дык які ж гэта дурань у такі час кіне ўсё і паедзе за сотні міль у Вашынгтон, каб усяго толькі папіць чаю з зусім незнаёмым яму чалавекам?!

А Кнут Гамсун! Буйнейшы нарвежскі пісьменнік, які пражыў амаль сто гадоў. Колькі я папабегаў, каб купіць ягоны двухтомнік!

Яго «Голад» — гэта нават не эмацыйнае, а фізіялагічнае ўздзеянне на чытача: чытачу і напраўду здаецца, што ён сам галодны, што яму, сытаму, вельмі хочацца есці. Некаторыя лічаць, што гэта натуралізм, а мне думаецца, што тут працуе магутнае майстэрства пісьменніка. Вядома, не без уласнага вопыту. А такі вопыт у маладога Г амсуна, як мы ведаем, быў.

Падчас Другой сусветнай вайны, калі гітлераўцы захапілі Нарвегію, васьмідзесяцігадовы Кнут Гамсун падтрымаў іх і супрацоўнічаў з акупантамі.

Ён быў нібыта нейкім «культурным козырам» нацызму.

Народ Нарвегіі ўзлаваўся — з усіх канцоў краіны да дома, у якім жыў Г амсун, людзі на падводах везлі ягоныя кнігі, якімі яшчэ нядаўна захапляліся, і скідвалі грэбліва яму ў двор. І гэту ганьбу старому, нават састарэламу чалавеку, трэба было перажыць.

Пасля вайны яго абвінавацілі ў здрадзе радзіме і пасадзілі ў турму. Пра тое, што ён думаў, чакаючы суда, Гамсун расказаў у сваёй апошняй кнізе «Па зарослых сцежках».

Пасля смерці Гамсуна народ Нарвегіі ўсё дараваў свайму вялікаму сыну і выдаў пятнаццацітомны збор твораў пісьменніка.

Амаль такая ж, як у «Голадзе», прысутнасць чытача і ў апавяданні амерыканца Эдгара По «Калодзеж і маятнік». Не, гэта не герой апавядання, асуджаны да пакарання смерцю, а той, хто чытае, у выключнай цемры натыкаецца на слізкія сцены нейкага склепа інквізіцыі, дзе нейкі страшны калодзеж, нейкі злавесны маятнік. Усё гэта настолькі густа напісана, што і чытач ужо неадольна сочыць, як усё зніжаецца і зніжаецца востры маятнік над ахвяраю, як усё бліжэе і бліжэе ён да ягонай шыі.

Ага, По — Майстра найвышэйшай пробы. То ж трэба так напісаць пачуццё, адчуванне і жах. І тое, што, можа, сам ніколі не адчуваў, адчуць як рэальнае, перажытае. Вялікае майстэрства класіка.

Томік По выдадзены ў серыі «Бібліятэка літаратуры ЗША». Гэтая серыя амаль уся стаіць на маіх кніжных паліцах: Роберт Пэн Уорэн, Джон Чывер, Тарнтон Уайлдэр, Юджын О’Ніл, Генры Джэймс, Вашынгтон Ірвінг, Джэк Лондан, Фенімор Купер, «Паэзія ЗША» і інш.

А разам з намі ў Амерыцы пачыналі пісаць Джон Апдайк і Джойс Кэрал Оутс, нашы равеснікі.

Памятаю, колькі я папабегаў, каб набыць томік Апдайка, выдадзены ў серыі «ХХ стагоддзе», у які былі ўключаны раманы «Трус, бяжы» і «Давай ажэнімся»! Столькі ж, а можа, і больш, набегаўся я і за раманам Оутс «Рабі са мной, што захочаш».

Напачатку крытыка аб’ядноўвала гэтых двух таленавітых пісьменнікаў, а потым неяк пакрысе пачала астываць да іх і крытыкаваць: Апдайка — за тое, што яго раман «Давай ажэнімся» — усяго толькі адзін з эцюдаў да сучаснай гісторыі нораваў, дзе жыццё падменена сытым, сумным і пошлым бытам; а Оутс, пра якую спачатку гаварылі, як пра яркую з’яву ў літаратуры другой паловы 60-х гадоў і ўзыходзячую зорку, абвінавачвалася ў павярхоўным містыцызме і пільнай увазе да ўсяго незвычайнага і дзіўнаватага толькі дзеля незвычайнасці і нестандартнасці.