Читать «Мая бібліятэка. Паліца першая» онлайн - страница 13

Янка Сипаков

Аднак пасля новых раманаў — «Кентаўр» Апдайка і «Сад радасцей зямных» Оутс, — не зважаючы на тое, што шляхі гэтых творцаў ужо зусім разышліся, пра іх зноў загаварылі як пра выдатных пісьменнікаў.

Вядома, што перад «Садам радасцей зямных» адчуваецца магутнае дыханне рамана Джона Стэйнбека «Гронкі гневу», старэйшага за Оутс у амерыканскай літаратуры папярэдніка.

Вядома ж, і там, і тут бунтуе вялікая думка, што ніхто, як бы ён гэтага не хацеў, не зможа застацца ўбаку ад драматычных падзей часу — гэты час і гэтыя падзеі ўкруцяць у свой вір кожнага.

Вядома, як пісалі тагачасныя крытыкі, «па маштабах таленту і багацці мастацкага свету Оутс і Стэйнбек — пісьменнікі рознага ўзроўню».

Стэйнбек сам быў адным з герояў свайго сусветна вядомага рамана «Гронкі гневу». Спачатку ён разам з фермерамі, сагнанымі з зямлі, прайшоў крыжовы шлях ад Аклахомы да Каліфорніі. А потым стварыў трагічную эпапею пра амерыканскі народ.

У маёй бібліятэцы ёсць поўны Джон Стэйнбек — шасцітомнік у аганькоўскім выданні.

Мне, шчыра кажучы, вельмі падабаецца і ранейшы ягоны раман «Квартал Тартылля Флэт» — кніга, якую я пачытаў у Стэйнбека самаю першаю.

Лічыцца, што Каліфорнія нарадзіла двух вялікіх раманістаў Джэка Лондана і Джона Стэйнбека.

Цікава, а што ж чытаў сам Стэйнбек?

Стэйнбек рос на кнігах «Востраў скарбаў» Стывенсана, «Тры мушкецёры» Дзюма, «Роб Рой» Скота, якія вечарамі яму і яго сёстрам чыталі бацькі. У маім сірочым вясковым дзяцінстве мне і маім сёстрам не было каму чытаць гэтыя кнігі, ды і іх саміх у маіх галодных пасляваенных Зубрэвічах, зразумела, і ўвогуле не было.

На іх я, як згаладалы, накінуўся пазнавата ўжо, у студэнцтве, а потым, нібыта сплачваючы нейкі доўг таму голаду, набыў сабе зборы твораў гэтых ды іншых дзіцячых пісьменнікаў: і Стывенсана, і Скота, і Дзюма — аж дванаццаць вялікіх і цяжкіх тамоў Дзюма!

Сам Стэйнбек ужо чытаў «Злачынства і пакаранне» Дастаеўскага, «Мадам Бавары» Флабэра, «Страчаны рай» Мільтана. Вывучаў «Гісторыю» Герадота.

Усё гэта ёсць і ў маёй бібліятэцы. Поўны, акадэмічны, трыццацітомны збор твораў Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага, вялікага рускага пісьменніка, дарагога нашага земляка, карэнне якога ў вёсцы Дастоева, што на Піншчыне.

Побач з «Гісторыяй» Герадота — «Гісторыя Фларэнцыі» Нікола Макіявелі ды «Гісторыя дзяржавы інкаў» Інка Гарсіласа дэ ла Вега. Вось толькі тытульная старонка апошняй кнігі:

«Першая частка сапраўдных каментарыяў, што расказваюць пра паходжанне інкаў, якія былі каралямі Перу, аб іх ідалапаклонстве, законах і праўленні на вайне і ў свеце; аб іх жыцці і заваёвах і аб усім, чым была тая імперыя і іх дзяржава да таго, як прыйшлі ў яе іспанцы. Яны напісаны Інкам Гарсіласа дэ ла Вега, народжаным у Коска, капітанам яго вялікасці. Прысвячаецца яснейшай прынцэсе донне Каталіне Партугальскай, герцагіне Браганскай і г. д. Прапушчана з дазволу святой інквізіцыі, суддзі першай інстанцыі. У Лісабоне, у канторы Педра Красбеека надрукавана. Год 1609».