Читать «Мая бібліятэка. Паліца першая» онлайн - страница 9

Янка Сипаков

Спачатку думалі рабіць помнік аднаму з заложнікаў. Але Радэн настаяў на сваім — калі і рабіць гэты помнік, то ствараць скульптуры трэба ўсіх шасці. Праца цяжкая, але высакародная.

Групу чамусьці паставілі на высокі п’едэстал. Так, на вышыні, яна не глядзелася. Радэн злаваўся, быў незадаволены. Заложнікі павінны ісці па зямлі! Калі прыбралі пастамент — скульптар супакоіўся: людзі, босыя, як зазвычай, як заўсёды, ідуць па зямлі. Так, як і было задумана.

Яны і цяпер, шасцёра адважных, ідуць на смерць. Бачыце іх рукі? Яны, раскрытыя, растуленыя, развітваюцца з жыццём, як птушку, выпускаюць яго са сваіх далоняў...

А радэнаўская «Рука Бога»! Невядома адкуль яна, вельмі высліжаная, вырастае, узнімаецца і трымае ў нейкіх невядомых і недасяжных вышынях кавалак усё той жа неапрацаванай, як цвердзь, пароды, у якую ўпрасавана тысячагоддзямі белае, таксама высліжанае, мармуровае чалавечае цела.

А «Вечная вясна»! «Мармуровая глыба, на якой напаўляжаць закаханыя. Скала зрабілася нібыта абрамленнем фігур, і, махнуўшы рукою на ўсе прымхі, ён узяўся за сонечнага Адоніса, які абдымае зіхоткую німфу, што абвілася ва ўсхваляваным выгіне вакол цела свайго каханага. У гэтых, перапоўненых пачуццёваю знямогаю, постацях ён увекавечыў Камілу і сябе», — так напісаў у рамане-біяграфіі Радэна «Голым прыйшоў я» Дэвід Вейс, у кнізе, якая выйшла ў той жа вельмі папулярнай у СССР серыі «Жыццё ў мастацтве».

З кім яна, Айседора Дункан, толькі не сябравала!

«Аднойчы яна (Джульета Мендэльсон) запрасіла нас усіх танцаваць перад Элеанорай Дузэ».

І вось ужо:

«Мы ўсе паехалі экспрэсам, які ішоў у Фларэнцыю: Элеанора Дузэ, Крэг, Мэры Кіст і я з дзіцем».

Дзіцятка было немаўляткам — яно толькі што нарадзілася. Яны з Крэгам назвалі дзяўчынку Дзердры, што значыць улюбёная Ірландыі.

«У дарозе я няньчыла дзіця, аднак у мяне сапсавалася малако, і мне давялося карміць яго з бутэлечкі».

Цікава, а ці ёсць яны, славутыя, у нашай «БелСЭ» — «Беларускай Савецкай Энцыклапедыі».

Дункан — няма. А Дузэ — ёсць: італьянская актрыса, з акцёрскай сям’і, высту­пала ў італьянскіх вандроўных трупах, арганізавала сваю, вызначалася праўдзівасцю і філігранным майстэрствам...

«Пачаліся першыя дыскусіі, у якіх я была перакладчыцай паміж Крэгам, які не разумеў ні па-французску, ні па-італьянску, і Дузэ, якая не ведала ніводнага слова па-англійску».

Дык вось, Элеанора Дузэ. Кніга пра яе выйшла зноў жа ў серыі «Жыццё ў мастацтве».

Стой, стой, стой, хлопча... Ну і разгаварыўся ж ты! Спыніся, дружа, агледзься. А то нанізваеш усё, як на нітачку: гэта кніга, а тады гэта, а потым вунь тая. Няма стройнасці і прадуманасці сюжэта.

Прабач, а чым гэта дрэнна? Можа, яно якраз і добра, што ўсё чапляецца? Можа, менавіта гэта і ёсць сюжэт? Натуральнасць аповеда. Нязмушаная ручаіна, плынь свядомасці.

Значыць, на чым жа мы там, у самым пачатку сваёй працы, спыніліся? Ад чаго адхіліліся?

Ага, я расказваў, як мой школьны таварыш Толя Круцікаў выпрасіў у мяне пачытаць трохтомны «Архіпелаг ГУЛАГ» і потым вярнуў яго. Я, шчыра кажучы, жахнуўся, якімі ён вярнуў мне кнігі. Я не пазнаў іх!