Читать «У прасторы сямі нот» онлайн - страница 11

Таццяна Мушынская

Раманс «Ноч» напісаны. Калі ноты гатовыя, адразу паўстае пытанне: хто будзе спяваць? Хто з выканаўцаў запіша твор у студыі радыё — так, каб якасны запіс можна было выкарыстоўваць у шматлікіх перадачах?

Прафесійнаму кампазітару ў той час было досыць лёгка атрымаць на некалькі гадзін студыю Нацыянальнага радыё. Марына вырашыла, што лепш за ўсё вакальны цыкл «Споведзь жанчыны» выканае салістка оперы Таццяна Траццяк, уладальніца на дзіва прыгожага, палётнага сапрана — з незвычайна лёгкімі, срабрыстымі верхнімі нотамі. Таццяна бліскуча выконвала многія вядучыя оперныя партыі ў спектаклях. І ў Мінску, і ў час гастроляў у Германіі і Швейцарыі.

Акампаніраваць Таццяне падчас запісу павінен быў Алег Крымер, лаўрэат міжнароднага конкурсу, дацэнт Акадэміі музыкі і выкладчык гімназіі-каледжа. У той час шмат вучняў Алега Майсеевіча атрымалі званне лаўрэатаў на прэстыжных конкурсах піяністаў. Спачатку ён ездзіў за мяжу разам з вучнямі як педагог, потым як член журы міжнародных конкурсаў, а гадоў дзесяць таму назусім перабраўся з сям’ёй у Германію. У сталым узросце вывучыў нямецкую мову, і цяпер яго былыя вучні і вучаніцы ездзяць да свайго педагога ў Германію, каб удасканальваць майстэрства.

Але вернемся ў 1999 год. Каб адпаведна настроіць і спявачку, і піяніста, Марозава загадзя паказала ім ноты і тэксты рамансаў. Настрой музыкантаў заўсёды залежыць ад сэнсу твора, яго глыбіні, арыгінальнасці музычнай мовы. Падчас рэпетыцый, напярэдадні запісу, ідзе карпатлівая праца, калі шматкроць паўтараецца і адточваецца кожны сказ, асобныя словы, працягласць паўз і нават асобных нот. У студыі рэдка сачыненне запісваюць з першага дубля, іншым разам для ўдалага варыянту і пяць дубляў патрэбна. Нарэшце — запісалі. Як меркавалі гукарэжысёры, удала.

Але праз нейкі час Марыне падалося, што Таццяна Траццяк як маладая спявачка здолела ўвасобіць не ўсе адценні твора. І прапанавала запісаць цыкл яшчэ раз — народнай артыстцы Наталлі Рудневай, з якой супрацоўнічала. Салістка Нацыянальнай оперы, яна мае неверагодна вялікі оперны і камерны рэпертуар. З гастролямі аб’ездзіла літаральна ўвесь свет. Марына слушна лічыла, што ў голасе Рудневай, густым і насычаным мецца-сапрана, больш драматызму і нават трагічнасці гучання.

Запіс вакальнага цыклу, зроблены Наталляй Аляксандраўнай, як потым і двух наступных цыклаў, таксама напісаных Марынай на мае словы, увайшоў потым у наш сумесны з Марозавай CD-дыск «Тихо музыка в дом мой вошла...».

Але на гэтым гісторыя аднаго раманса не скончылася. Аказалася, гэта была толькі першая серыя, скажам так, акадэмічна-оперная. Другая сталася песенна-эстраднай. У прафесара Марозавай, якая выкладала ў Інстытуце сучасных ведаў, з’явілася абаяльная студэнтка, Марына Філіпава. У яе выканаўчай манеры натуральна спалучаліся рысы эстрады, блюза і фолька. Марына-студэнтка развучыла той самы раманс «Ноч». З поспехам выконвала на студэнцкіх імпрэзах, аднойчы нават у камернай зале філармоніі. І Філіпаву нельга было не заўважыць побач з вопытнымі і масцітымі артыстамі.