Читать «П.М. Машэраў: "Цяпер я ведаю..."» онлайн - страница 8
Алесь Петрашкевіч
— Я супраць. У таварыша Архіпца ёсць усе магчымасці выправіць становішча. Бюро магло б, як мне здаецца, абмежавацца аб’яўленнем вымовы з занясеннем ва ўліковую картку.
Архіпец падняў галаву, уважліва абвёў позіркам прысутных, але ад нейкіх слоў ўстрымаўся, хоць і павесялеў.
— Тады дадзім апошняе слова абвінавачанаму, — сказаў Пётр Міронавіч мяккім добразычлівым голасам і не без хітрынкі паглядзеў на членаў бюро.
Архіпец цяжка падняўся з крэсла і пасля доўгай паўзы глухім голасам, які перарываўся хрыпатцой, вымавіў:
— У мяне заўтра дзень нараджэння і дата прыгожая, а вы замест таго каб мне ордэн уручыць, з работы здымаеце... з вымовай.
Ён не паспеў дагаварыць, бо Машэраў гучна і гарэзліва засмяяўся, а паглядзеўшы на разгубленых і збітых з панталыку членаў бюро, спытаў:
— А можа, нам абмежавацца абмеркаваннем, калі Ніна Лявонаўна здыме сваю прапанову наконт вымовы?
— Я сваю здыму, калі вы сваю здымеце.
Цяпер ужо смяяліся ўсе, хоць і не ўсе здагадаліся, што Першы даў ім добры ўрок прынцыповасці і прыстойнасці паводзінаў калі вырашаўся лёс чалавека, і не проста чалавека, a іх сябра, аднапартыйца, аднадумца.
Я занатоўваў у блакнот сцэнку, а Пётр Міронавіч заўважыў гэта і на імгненне спыніў на мне позірк. Гэта не ўслізгнула ад загадчыка ідэалагічнага аддзела Савелія Паўлава — мы сядзелі побач, — і ён саркастычна выціснуў:
— Мольер на бюро...
Гэта было так нечакана, што я не знайшоўся як адказаць, нібы пагадзіўся, а ён падкрэсліў у маім праекце нейкай чарговай пастановы фразу «музыкальныя салоны на сяле» і зноў здзекліва:
— Таксама мне прыдумалі тэрмін — «музыкальныя салоны»...
— А чым кепскі тэрмін?
— Ён не кепскі, а буржуазны,— быў знішчальны адказ.
— Калі мы з вамі давядзем музыкальную культуру на сяле да ўзроўню буржуазнай, лічыце, што сваю місію мы выканалі на «выдатна».
Настала яго чарга папярхнуцца. Hi ён мяне, ні я яго больш ніколі не чапалi, хто б з нас і што ні занатоўваў, седзячы на бюро ЦК.
...Выпадак, калі Пётр Міронавіч прыйшоў у ярасць, здарыўся пры разглядзе надзвычайнай сітуацыі, звязанай з масавымі пажарамі на Палессі. Міністэрства ўнутраных спраў хавала інфармацыю пра гэта. Маўчалі абласныя і раённыя начальнікі. Выявілася ўсё вельмі нечакана, калі Пётр Міронавіч парушыў свой маршрут і верталёт завітаў на Палессе. Ён быў літаральна шакіраваны разгулам вогненнай стыхіі. Гарэлі лясы, палі, тарфянікі, сенажаці і ўсё іншае, што магло гарэць.
— Я здыму з вас разам з генеральскімі пагонамі і штаны з лампасамі! — крычаў ён на міністра ўнутраных спраў Генадзя Мікалаевіча Жабіцкага.
Але, як кажуць, з вялікага грому атрымаўся малы дождж. Генеральскія пагоны ў міністра засталіся на мундзіры, а штаны на тым месцы, дзе ім і належыць быць. Гром заціх, а моцныя зацяжныя дажджы пагасілі пажары і без пажарнікаў А што згарэла, тое згарэла. Яно і зараз гарыць штогод. I зорак на пагонах генералаў і палкоўнікаў ад таго не памяншаецца, а нават наадварот... I ахвотнікаў сушыць Палессе не паменела...
...Шчодра сыпаліся зоркі-званні і на мінскіх архітэктараў якія, будуючы новую сталіцу, рушылі і разбуралі ўсё тое, што было пабудавана за 3—4 стагоддзі да іх. Знішчаліся цэлыя вуліцы старой забудовы, узрываліся цэрквы, касцёлы і нават першы гарадскі тэатр, што стаяў на плошчы Свабоды, пайшоў пад бульдозер. Здаецца, гэта была апошняя ахвяра дурноце, якую паднёс Малоху сакратар ЦК Барташэвіч, перамогшы ў гэтай ганебнай справе сакратара ЦК Кузьміна, які абараняў тэатр.