Читать «П.М. Машэраў: "Цяпер я ведаю..."» онлайн - страница 23

Алесь Петрашкевіч

— Домой...

Пятру Міронавічу не без цяжкасці ўдалося пасадзіць на месца дарагога госця. А сакратар па ідэалогіі шэптам закамандаваў бегчы за кулісы і даць любы танец. Я завагаўся і цягнуў паўзу, а ён не без злосці і пагрозы ў голасе гучна прашаптаў:

— Та-нец!

Я апынуўся за кулісамі, але зрабіць што-небудзь было немагчыма. Та­нец не быў «зараджаны», а на выхад стаяла знакамітасць з «Салаўём» Аляб’ева. Я вярнуўся і салгаў шэфу, што зараз будзе танец. Тым часам над залай рассыпаўся пошчак салаўя, а наша суперзорка зноў паднялася. Зала здзівілася, салавей папярхнуўся, а зорка прамовіла:

— Домой.— I ўжо зусім настойліва: — Я хочу домой!

— Занавес! — закамандаваў сакратар міністру, і той, прыгнуўшыся, кінуўся за кулісы.

Заслона накрыла салаўя. Зала зашумела ад здзіўлення, а Першы сакра­тар ЦК КПБ, кандыдат у члены Палітбюро ЦК КПСС, згараючы ад сораму, пад пахі выводзіў з залы ўбок урадавага пакоя здзяцінелага Генеральнага сакратара «ума, чести и совести нашей эпохи». Саўпартактыў здзіўлена лыпаў вачыма і пытаўся сам у сябе:

— Што, ужо ўсё?!

Тэлегледачы, што прыліплі да экранаў прамой перадачы, задаць такога пытання магчымасцяў не мелі і, хутчэй за ўсё, паспадзяваліся на тое, што поўны ўрадавы канцэрт паглядзяць у запісе. (Блажэнныя заўсёды на нешта спадзяюцца.)

3 тэатра здзяцінелую суперзорку, прыкладна праз паўгадзіны, прывезлі ў рэстаран гатэля «Юбілейны», каб пад яе промнямі і з яе блаславення падняць чаркі за горад-герой Менск, які ўрэшце атрымаў сваю заслужаную ўзнагароду, якую чакаў з 1974 года. А тутэйшыя апраўдалі тым, што лепш позна, чым ніколі.

Сталы ламаліся ад заморскага і айчыннага пітва, якому адпавядала за­кусь. За імі ўжо сядзела найвышэйшае і вышэйшае партыйнае чынавенства і нудзілася тым, што зорка недзе затрымалася ў дарозе, а без яе святую трапе­зу нельга было распачынаць. Пацелі і слязіліся бутэлькі, вызваліўшыся ад лядовых камер. Падтайваў лядок пад шампанскім, падсыхала на вольным паветры ікорка. Балычкі, паляўнічыя каўбаскі, заліўныя язычкі, салацікі і іншыя прысмакі чакалі свайго незайздроснага лёсу.

Яго пад мікіткі прывялі ў залу і пасадзілі за доўгім сталом, які звычайна называюць сталом прэзідыума і за якім сядзяць толькі самыя-самыя на чале з найсамейшым. Пакуль найсамейшы тэпаў ад парога да гэтага стала, чэлядзь наладзіла авацыю і, як мне здавалася, не столькі ад «верноподданнических чувств-с», колькі ад «предвкушения-с» звыклага кайфу ад напояў закусі і прамоў. Калі па-праўдзе, то да прамоў і тостаў справа не дайшла, хоць яны загадзя не толькі меркаваліся, але і пісаліся. 3 дапамогаю асістэнтаў-ад’ютантаў наш імператар устаў на свае ногі. Зала заціхла ў чаканні нуднай і коснаязыкай прамовы яго вялікасці. А яго вялікасць нечакана адсунула ўбок паперкі і пайшла на экспромт просты, як аглобля: