Читать «П.М. Машэраў: "Цяпер я ведаю..."» онлайн - страница 21

Алесь Петрашкевіч

Пастаўце сябе на хвіліну на месца мужнага, годнага, гордага, культурнага і выхаванага Пятра Машэрава, і вы зразумееце, што тварылася ў яго душы ў гады чакання прысвоенай узнагароды...

I нарэшце «звышзорка» — «суперстар», як яе называлі амерыканскія прэзідэнты, з’явілася на нашым Паўночна-Заходнім небасхіле. Яе сустракалі з неверагоднай помпай, як і павінны былі сустракаць «величайшего деятеля со­временности» — аркестры, хоры, хлеб-соль, дзяўчаткі ў нацыянальным, мора кветак ў руках аддрэсіраваных дзетак, партыйна-савецкага актыву ўсяе Беларусі і пераапранутых курсантаў школ КДБ і міліцыі. Усе чакалі нечага накшталт Краснага сонейка, а ў дзвярах спецвагона з’явіўся вельмі стары дзед з неверагоднымі брывамі, адутлаватым попельным тварам і патухлымі вачыма. Каб стары не зваліўся з прыступак, слугі ў цывільным літаральна вынеслі яго з вагона і паставілі на няўстойлівыя старэчыя ногі. Было шкада глядзець на небараку з чатырма зоркамі на грудзях, і неяк само сабою падумалася: можа, табе, небарака, лепш было і не прыязджаць. Ды было не да роздуму. Партыйна-савецкі натоўп рынуўся да яго вялікасці, але шчыльнае, у некалькі радоў, кольца прывезенай з сабой аховы цара-бацюшкі стрымала націск «верноподданых». Па вузкім калідоры мажных малайцоў, падобных на нашага чэмпіёна Мядзведзя, падтрымліваемы пад крылы стары датэпаў да чорнага браніраванага членавоза з прыцемненымі вокнамі, з цяжкасцю сеў у яго, бо ні спіна, ні ногі не хацелі гнуцца,— і той даў газу. Не дасягнуўшы паліткайфу ад «созерцания вождя», чынавенства паныла пабрыло да сваіх лімузінаў, каб з’ехаць у гатэль на казённае снеданне з падагрэвам.

...Не шырокі, але вельмі высокі саўпартактыў у перамежку з «мядзведзямі» ў цывільным чакаў Генсека і нашага віноўніка ўрачыстасці ў Габеленнай зале ЦК. У прызначаны час яны выйшлі з-за знакамітага «ленінскага» габелена і былі сустрэты бурнымі, доўга не змаўкаючымі апладысментамі, пераходзячымі ў авацыю, як любілі ў тыя часы пісаць газеты. Калі ўсталявалася ўрачыстая цішыня, дзед, падсмоктваючы зубныя пратэзы, нешта прашамкаў па паперцы ў тым сэнсе, што ён прыехаў і хоча «с чувством глубоко­го удовлетворения»... Апошняе слова аказалася такім цяжкім для вымаўлення, што мне зноў стала шкада старога і хворага чалавека, якога выстаўляюць на здзек і пасмешышча. Добра, што яго спрытныя асістэнты хуценька паднеслі дзеду каробачку з зоркаю, і той непаслухмянымі, старэчымі пальцамі доўга-доўга спрабаваў прымацаваць яе да пінжака юбіляра. Пад гэтую прыкрую паўзу мне і ўспомніўся эпізод з «Ціхага Дона» М. Шолахава, калі сіяцельная асоба ў ваенным шпіталі хоча ўручыць Грышку Меліхаву Георгіеўскі крыж за адвагу, а той просіцца да ветру.

Відаць было, што Пётр Міронавіч адчувае сябе вельмі ніякавата і надзвычай скавана, але трымаецца па-геройску, бо куды ты дзенешся — тут жа табе не шпіталь і не нейкая там сіяцельная асоба, а сама яго вялікасць з са­мымi лепшымі да цябе намерамі. Нарэшце з дапамогай асістэнта зорку ўдаецца надзейна замацаваць, і дзед лезе з пацалункамі і абавязкова ў вусны — была ў яго такая брыдкая звычка, якая засталася ў спадчыну наваяўленым маскоўскім царам і царадворцам, ды і не толькі маскоўскім.