Читать «П.М. Машэраў: "Цяпер я ведаю..."» онлайн - страница 22
Алесь Петрашкевіч
Са словамі ўдзячнасці, як і прадугледжвалася сцэнарыем, за гістарычны візіт «верного ленинца» і «выдающегося деятеля», а таксама за асабістае ўручэнне высокай узнагароды наш двойчы Герой па крамлёўскай традыцыі выступаў па паперцы. I, вядома ж, не таму, што не мог без яе абысціся, а толькі з тае прычыны, што не мог прынізіць «их императорское величество», якое не здольна ўжо было сказаць ні па паперцы, ні без паперкі. Прамова ўдзячнасці па ўстаноўленых правілах павінна была пералічыць усе званні і абойму неверагодных эпітэтаў у гонар тытулаванай найвышэйшай асобы і таму аказалася не толькі трафарэтнай, але і даволі прытарнай ад залішняй патэтыкі і патакі.
— Я обещаю вам, дорогой Леонид Ильич, что и дальше буду отдавать все свои силы... — сказаў Пётр Міронавіч, адарваўшыся ад тэксту, але фразу не скончыў.
— Что ты клянёшься... посмотрим... время покажет, — перапыніў яго Брэжнеў
Ці то прысутныя не расшалопалі сэнс сказанага, ці то прынялі словы цара за ўдалы, свойскі жарт, бо зала страсянулася ад іх бурных апладысментаў...
...Другі раз за адзін дзень я пабачыў «нашага» Мао ў тэатры оперы і балета на так званым урадавым канцэрце, за які мы з міністрам культуры адказвалі галавою. (Было такое папярэджанне.) Каб мы не зблышылі ў які-небудзь адказны момант і мелі б магчымасць любую пагрэшнасць своечасова выправіць, пасадзілі нас у першым радзе. Побач сеў і сакратар ЦК па ідэалогіі і, між іншым, не прамахнуўся, бо ЦУ яго на тым памятным канцэрце аказалася вырашальным. Па цэнтры ў чацвёртым радзе сеў высокі госць, а побач з ім Пётр Міронавіч. Другі і трэці рады занялі ўсё тыя ж мядзведзі ў цывільным. Нашы крэслы былі крыху ўправа ад цэнтра, і гэта давала магчымасць бакавым зрокам назіраць і за госцем, і за гаспадаром. (У такой сітуацыі галавой круціць не будзеш.) Перад самым канцэртам, калі ў зале наступіла адносная цішыня, было добра чуваць, што глухаватаму старому гаворыць гаспадар, але нельга было разабраць, што шамкае госць, падцмокваючы пратэз ці то па патрэбе, ці то па прывычцы.
Падцмокванне гэта было з нейкім вельмі непрыемным подсвістам. Для тых, хто сядзеў бліжэй да старца, гэта было даволі добра чуваць. Мне падалося, што Пётр Міронавіч з прыкрасцю і нецярпеннем чакае, калі той канцэрт пачнецца. А за кулісамі, як назло, марудзілі. А можа, пад напружаннем тыя секунды так марудна беглі. Ды яшчэ кінатэлекамеры — і свае і маскоўскія — сфакусіравалі сваю ўвагу на адну кропку — нібы ў тым кадры быў сам бог ці, у крайнім выпадку, прышэлец з іншай планеты.
А святло тым часам паволі згасла, аркестр зайграў урачыстую уверцюру, а як адкрылі заслону, дзед наш ужо соладка спаў, схіліўшы галаву на грудзі, што зіхацелі залатым сузор’ем. Праўда, на прыемны, узмоцнены радыёапаратурай голас маладзенькай вядучай прачнуўся. Ненадоўга. Толькі пакуль артыст патэтычна чытаў верш-панігірык. На арыі знакамітай опернай артысткі зноў кімарнуў. На шумлівым, заліхвацкім народным танцы прачнуўся і даволі гучна папытаўся, ці будуць танцы яшчэ. Гаспадар паўшэптам запэўніў госця, што танцы будуць. I той зноў адключыўся. Спаў спаконна, аж пакуль не далі ці «Лявоніху», ці кадрыль, а разгублены Пётр Міронавіч не ведаў што рабіць — ці будзіць, ці няхай сабе стары паспіць на здароўе, тым больш што ў прыцемках залы не кожны гэты канфуз бачыць. Пасля танца, калі юныя таленты зайгралі на скрыпачках, дзед нечакана падняўся над залай і па складах даволі выразна вымавіў: