Читать «П.М. Машэраў: "Цяпер я ведаю..."» онлайн - страница 25

Алесь Петрашкевіч

Не стрымлівае і тое, што вызваліўшыся з канцлагера і ўцёкшы да партызанаў, даў падставы немцам расстраляць яго маці.

А чаму было і не даць зразумець «умнику», што ён на кручку, як можа быць на кручку любы звычайны савецкі вінцік. Пачнеш тузацца, і паплавок падкажа, што пара падсекчы.

...Думаецца мне, што адхіленне ад пасады Пётр Міронавіч неяк перажыў бы. А ці перажыў бы ён правакацыйную беспадстаўную дыскрэдытацыю і ўласную дэгераізацыю, сказаць цяжка, бо быў ён не проста героем, а геро­ем нацыянальным. I намёк на каўпак Мюлера не жарт.

Ведаю, i дакладна, што апошні месяц-паўтара перад сваёй гібеллю на рабоце ён неяк яшчэ трымаўся, а «дома быў як ў ваду апушчаны» — гэта значыць самотны, задуменны, негаваркі да замкнёнасці; першым не выходзіў на кантакты з блізкімі, калі не лічыць настойлівых парад жонцы паехаць на адпачынак у Чэхаславакію без яго. 3 цяжкасцю, але яму ўсё ж удалося пераканаць яе.

А перад гэтым Пётр Міронавіч быў на ўрачыстасцях у Алма-Аце. 29 жніўня 1980 года тэлепраграма «Время» крупным планам паказвае Л. I. Брэжнева. Яго ад імя прысутных вітае П.М.Машэраў. I тут адбываецца нешта беспрэцэдэнтнае — генсек-маршал адварочваецца з грымасай непрыкрытай незадаволенасці, раздражнёнасці і гідлівасці...

...У той трагічны дзень 4 кастрычніка 1980 года ён апрануў святочны касцюм, узяў з сабой дыпламат, які некуды знік пасля катастрофы...

«Цяпер я ведаю, як мяне будуць хаваць»,— скажа ён адразу пасля свай­го юбілею. Што гэта? У шэсцьдзесят гадоў чалавек прадчувае смерць? Рыхтуецца да яе? Ведае, як яго прыгожа-юбілейна будуць хаваць? Бачыць сябе мёртвым? Папярэджвае старшыню Вярхоўнага Савета I.Я.Палякова, што хутка памрэ?.. I навошта расказвае пра барысаўскі палон, аб чым дагэтуль ніхто не ведаў? I расказвае аднаму з лепшых сваіх сяброў... (А пасля ўжо палякоўскі пераказ слоў Машэрава занатуе Шамякін і ціскане ў часопісе.)

...Хавалі героя прыгожа, але дзіўна. Для сотняў тысяч людзей толькі ў сталіцы гэта была трагедыя, і яны настаялі на тым, каб час доступу да труны нябожчыка быў падоўжаны. Для начальства, ды даруе мне Бог, — гэта было мерапрыемства. Начальства было ў трывозе: хто заменіць Машэрава?..

Дзіўна i тое, што з Палітбюро і наогул з ЦК КПСС у адрас сям’і нябож­чыка не паступіла ні аднаго тэлефоннага званка, ні адной спачувальнай тэлеграмы. Чаму там забылі на элементарную прыстойнасць, пра якую ўжо тысячагоддзі ведае звычайны homo sapiens? А можа, не забылі, а кіраваліся нечым іншым, а не прыстойнасцю? Тады чаму і чым кіраваліся? Што хацелі сказаць нялюдскім маўчаннем?

Дзіўна i тое, што кіраўнік рэспублікі, лідэр нацыі гіне раніцай 4 кастрычніка, а народу пра гэта паведамляецца толькі 6 кастрычніка, хоць той жа народ ведае гэта з замежнага радыё менавіта 4 кастрычніка. Два дні рэспубліканскія газеты пішуць пра нарыхтоўку бульбы, асваенне космасу, падрыхтоўку жывёлагадоўчых фермаў да зімы. «Советская Белоруссия» паведамляе пра пасяджэнне Савета Міністраў БССР, на якім было разгледжана пы­танне «О мерах дальнейшего укрепления материально-технической базы кон­цертных организаций и творческих союзов». Маўчаць толькі пра смерць П.М.Машэрава. Чаму? Спадзяюцца ажывіць нябожчыка ці схаваць саму яго смерць? Дзіўна! Бязглузда! Загадкава!