Читать «Над Вугерай — дождж» онлайн - страница 24

Маргарыта Латышкевіч

Лес гуў ад жаху, гарэў і дыміўся. Атрутная цмокава сліна падала на зялёнае лісце — і радасная веснавая зеляніна скурчвалася, чарнеючы, ссыхала. І доўга, жудасна, бясконца доўга вакол быў толькі агонь, дым ды атрута, і смуроднае цмокава дыханне, і пранізлівы рык, ад якога завязваліся вузлом вантробы, і цяжкі тупат, што балюча адгукаўся ў самых касцях. Ільга задыхалася, кашляла, лавіла ротам паветра, слепла ад гарачыні і смуроду, ад густога дыму. Настойлівая азёрная музыка гучала далей, ратуючы, выводзячы, слізгала па крутых плячах напятага лука, танчыла на вастрыях стрэл, жыла ў звоне спушчанай цецівы. Ільга раз за разам паварочвалася, страляла, адчуваючы гулкую пустату ў галаве, ад якой ламіла патыліцу і абмякала, рабілася на дзіва слухмяным цела. Ільга як бы глядзела на сябе збоку, спакойна і разважна адзначаючы: вось тут трэба пераскочыць цераз глыбокую прамывіну, тут лепей ашчадна прытрымаць стралу на цеціве, выбіраючы лепшы момант,тут варта прыгнуцца.

Прасвет між стваламі дрэў падаўся Ільзе чаканым збавеннем. Пярэстай, мабыць, таксама: кабылка заржала радасна, прыспешылася, як магла, з апошніх сіл. Голас блізкай ракі, такі лагодны, такі ласкавы, накотваў разам з ясным святлом шэранькага пахмурнага дня, нёс з сабою і свежасць, і надзею. Ільга вырвалася на ўзлессе, вылузалася з дыму і гару, — і нарэшце змагла ўздыхнуць на поўныя грудзі. Унізе звілістая Вугера спакойна несла свае хвалі між высокіх узгорыстых берагоў, шчыльна зарослых светлымі бярэзнікамі. За нешырокім пясчаным валам, за чорнымі вольхамі горбіўся, патанаючы ў белай квецені каліны, стары мост, і за ім раптам, папярэджваючы, запеў баявы рог: з-за моста сачылі і заўважылі.

Цмокаў рык прагучаў быццам у адказ, паляцеў далёка над рачною далінаю. Па сыпучым пяску, праз трапяткі паўпразрысты бярэзнік, міма пахкага лісця вольх, навыперадкі з цмокам, Ільга шпарка панеслася да шэрага гарба старога моста. Узмыленая пярэстая цяжка і часта дыхала, раздуваючы бакі, пачала злёгку прыпадаць на адну нагу і паступова збавіла ход.

— Яшчэ трошачкі, — прасіла Ільга. — Трошачкі, любая, давай!..

Узляцелі на мост — белы воўк і пярэстая кабылка з Ільгай. Даўніх камянёў месцамі не хапала, а тыя, што былі, калываліся, вохкалі пад любым цяжарам, і ўвесь мост часта тросся, заходзячыся, быццам у ліхаманцы. Ільга лёгка саскочыла на мост у самай сярэдзіне, прыхапіўшы з-пад сядла бацькаву дзіду. Учапілася ў дрэўка аберуч, наставіла вастрыё на цмока, які, трывожна прынюхаўшыся, замёр перад самым мостам у нерашучасці — мабыць, зразумеў ненадзейнасць такой пераправы або счуў блізкую пастку.

— Ну?.. — голасна сказала Ільга цмоку. Павольна, на паўсагнутых нагах рухалася з боку ў бок, асцярожна ступаючы, адчуваючы падэшвамі гуд і напружанне выцертых часам камянёў.