Читать «Над Вугерай — дождж» онлайн - страница 22

Маргарыта Латышкевіч

Зыркім злым золатам успыхнула, асляпляючы, луска, касцяныя грэбні горда ўзняліся вышэй за лес, працялі неба, а за грэбнямі разгарнуліся, хвостка ўдарыўшы стылым ветрам, магутныя крылы, падобныя да кажановых. Перакотваліся пад лускаю таўшчэзныя канаты мышц, поўныя неўтаймаванай сілы, даўгія кіпцюры глыбока ўпіліся ў чырвоную гліну. Кольцы звівастага хваста, усеянага вострымі шыпамі, з вусцішным шаргаценнем папаўзлі амаль пад ногі Ільзе. А на доўгай гнуткай шыі, увенчаная каронаю рагоў, сядзела выцягнутая сухая галава з паўраскрытаю пашчаю, поўнай вострых іклаў.

І глядзела гэтая галава ўважлівымі барвовымі вачыма, і пагрозліва сычэла, выпусціўшы вострае атрутнае джала.

Ільга зніякавела, спынілася. Глядзела — і не магла адарваць пагляд. І думала: прыгажосць. Пагрозлівая, драпежная, жудасная нават, бясконца небяспечная, але — якая ж прыгажосць!..

— Іль-га! — прыглушана — быццам здалёк — крыкнуў Йурай. Яна паматала галавой, трохі апрытомнела. А цмок выдыхнуў праз тонкія ноздры лёгкія воблачкі пары — і раптам зароў, забіў хвастом па зямлі, высока ўзбіваючы шматкі гліны.

Унутранае чуццё падказала Ільзе слізнуць долу, і ў час: ледзьве ўнікла ўдару вострых кіпцюроў, праехаўшыся ўпрост пад цяжкою лапаю. Кроў у жылах нібы застыла, сэрца забілася павольней. Ільга нават паспела са здзіўленнем пабачыць, як замерлі, падвіслі ў паветры драбочкі зямлі і сцябліны сухой травы, і — рушыла, пакацілася да пярэстай.

Побач з пакутаю ўсхліпнула парваная струна — і Йурай вылаяўся праз зубы. Рэха азёрнай музыкі ўсплёснула сярэбранаю хваляю, раскацілася вакол, адгукнулася тройчы. Раз'юшаны цмок прыпаў да зямлі, выпусціўшы глухі вантробны рык, але голас звера абледзянеў, замёр у яго горле, і сам цмок спыніўся, павольна-павольна раззяваючы пашчу, каб дыхнуць агнём.

— Руш! — Йурай з сілаю падштурхнуў Ільгу. — Доўга мне яго не ўтрымаць!

Ад яго голасу Ільга зусім ачомалася, узляцела ў сядло, ударыла пярэстую пяткамі. Кабылка заржала і сарвалася з месца. Побач успыхнула, завірыла белае полымя — і з яго калматай завеяю выкаціўся, кульнуўшыся, скочыў следам снежны воўк.

Замарожаны час з невыносным скавытаннем зноў прыйшоў у рух, заспяшаўся — і ў спіны ім дыхнуў ненажэрны агонь. Ашалелы цмок з сілаю рвануўся наперад, уварваўся ў зараснікі. Ударыў хвастом наводмаш — і са страшэнным трэскам павалілася некалькі хвой. Ільга жвава павярнулася ў сядле, падняла лук і выпусціла адразу некалькі стрэл, нават асабліва не цэлячы: галоўнае было — утрымаць увагу звера на сабе.

Адна страла пры канцы лёту слаба клюнула наканечнікам залатую луску на цмокавым плячы. Цмок зароў, шумна забіў крыламі, узняўшы сапраўдную буру. Пярэстая закрычала ад жалу: яе разам з Ільгай душны смуродны вецер пацягнуў назад, так што капыты кабылкі пакідалі барозны ў сырой зямлі. Ільга, ледзьве перасільваючы вецер, зноў падняла лук, стрэліла, не бачачы, не дыхаючы, усляпую — і амаль аглухла ад пранізлівага, поўнага лютасці і болю звярынага крыку. Бура адступіла, так што Ільга, праміргаўшыся, здолела пабачыць: неяк умудрылася пацэліць. Яе страла з бела-чырвоным пер'ем усё яшчэ трапяталася ў згібе скурыстага крыла.