Читать «Над Вугерай — дождж» онлайн - страница 25

Маргарыта Латышкевіч

Цмок выскаліўся, пагрозліва засычэў, торгаючы параненым крылом. Ударыў хвастом, узняўшы воблакі пылу. За зверам палымнеў лес, сыходзіў языкамі шалёнага агню і клубамі густога чорнага дыму.

Вывернуўшыся з ваўчынага футра, ступіў бліжэй Йурай — захаканы, бледны, увесь нібы выцвілы, з чорнымі кругамі пад стомленымі вачыма. Занадта шмат сілы выцягнулі з яго тыя чары, са шкадаваннем падумала Ільга. Яшчэ трошачкі — і зусім нічога не застанецца.

Йурай, цяжка дыхаючы, плаўна падняў руку. Азёрная музыка павольна закруцілася вакол яго, зырка прабліскваючы ў валасах, на скуры, на адзенні вострымі сярэбранымі іскрамі.

— Чакай, — ледзь варушачы вуснамі, мовіла яму Ільга. — Не трэба так. Дай лепш я сама.

Кружэнне музыкі рэзка апала, спеўнае срэбра згасла. Йурай хіснуўся і ледзьве ўтрымаўся на нагах. Пераводзячы дыханне, паглядзеў на цмока, на дзяўчыну — і, прыкусіўшы вусны ад болю, схапіўся за запясце.

— Я змагу, — сказала Ільга, праглынуўшы сухі камяк у горле і лацвей перахапіўшы дрэўка. Сказала і паэту, і — можа, нават найперш — самой сабе.

Рушыла маленькімі крокамі бліжэй да звера, напружана не зводзячы з яго вачэй. Цмок глуха рыкнуў, з прысвістам уцягнуў ноздрамі паветра. Ну, давай, думала яна, аблізваючы перасохлыя вусны. Я ж зусімзусім блізка, толькі лапу працягнуць. Ну?..

Цмок затупаў на месцы і выдыхнуў струмень полымя. Ільга жвава кулычулася цераз плячо, апынулася з другога краю моста. Дражнячы пачвару, голасна свіснула — і зноў была вымушана кульнуцца, ратуючыся ад агню. Сырыя кусты каліны падхоплівалі полымя з неахвотаю, патрэсквалі і моцна дымілі.

Ільга з раздражненнем падзьмула на лёгкія пасмы, што ўпалі на вочы. Рукі ў яе пачыналі трохі падрыгваць ад напружання. Не зводзячы позірку са звера, яна намацвала падэшваю каменныя пліты, асцярожна перасоўваючыся, чакаючы новага вогненнага ўдару.

І раптам пад нагою апынулася вусцішная пустка. Ільга пахаладзела і, вохнуўшы, страціла раўнавагу.

Быццам толькі таго і чакаў, цмок падабраўся і адным моцным рыўком кінуўся наперад, скрабянуўшы доўгімі кіпцюрамі зусім побач з Ільзінай галавою. Яна ўхілілася, адкацілася прэч — і амаль сарвалася ўніз, туды, дзе плылі халодныя хвалі Вугеры. Затрымалася на паўразбураным ад часу і непагадзі краі, упіўшыся пальцамі ў адну з хісткіх каменных пліт. Пацягнулася да згубленай дзіды — і сягнула зброі самымі кончыкамі пальцаў, але ўхапіць не змагла і адразу ж саслізнула ніжэй. Аскялепкі разбітага моста, патрывожаныя рэзкім Ільзіным рухам, пасыпаліся долу.

Мост тросся, прагінаўся пад цмокавым цяжарам, сырыя камяні курыліся ад гарачыні. Звер быў ужо на сярэдзіне — прынюхваўся, прыглядаўся. Звесіўся над Ільгаю з глухім сычэннем, абдаў гарачым дыханнем. Сталёвыя кіпцюры магутных лап упіліся ў камяні, выкрасаючы злыя калючыя іскры, у горле, закаваным у залатую луску, клекатала, збіраючыся, прагнае полымя.

— Кола, Ільга! — хрыпла крыкнуў нябачны Йурай. — Ахоўнае кола!