Читать «Над Вугерай — дождж» онлайн - страница 23

Маргарыта Латышкевіч

Цмок, адступіўшы адным падскокам, помсліва плюнуў агнём. Ільга рванула аброць, праклінаючы сябе за маруднасць і з адчаем разумеючы, што адысці не паспявае, што момант безнадзейна згублены. Нават прыкрыла вочы і згорбілася ў сядле, чакаючы пякельнага болю.

Але побач зноў сярэбрана запела азёрная музыка, акружыла беражліва, акрэсліла вакол Ільгі бяспечнае кола прахалоды. Лютае цмокава полымя слізнула па самым краі гэтага кола і адразу ж апала, зняможанае, долу. Белае ваўчынае футра бліснула срэбрам наперадзе, паказваючы дарогу ў густым малінніку. Ільга прыспешыла пярэстую, і тая — няма дурных — узбрыкнуўшы, панеслася частым галопам.

За сабою Ільга пачула драпежны звярыны крык і аглушальны бой крылаў. Не паварочваючы галавы, ведала: узлятае. Сапраўды, вялізны цень лёг на траву і зараснікі, цягнучыся далёка наперад, а пасля ў парыве ветру распоўзся вакол Ільгі, атачыў варожа, пагрозліва. Звярыны крык груба прарэзаў паветра над самаю яе галавою, зверху дыхнула невыноснаю гарачынёю. Пярэстая, адчуўшы Ільзін дотык, доўгім зграбным скачком, не губляючы хуткасці, сышла ўбок. З трэскам схапілася агнём сухое кустоўе, папоўз, блытаючыся ў чарніцах, белы задушлівы дым.

Азёрная музыка вілася вакол Ільгі, падхоплівала яе валасы, серабрыстай пенаю ўскіпала на капытах пярэстай. Засланяла, быццам шчыт, і вяла за сабою, ззяйкай ніткаю пракрэслівала між маўклівых дрэў сцежку.

Яны мінулі чырвоны яр з лясным вадапоем, адным духам праляцелі страшны чорны прагал. Цмок не адступаўся, біў крыламі зусім нізка, віўся над самымі вершалінамі, сычэў і гнеўна роў, шалёна пляваўся агнём. Дзяўчына раз-пораз падагравала яго імпэт, цэлячы з лука ўверх, у цень над дрэвамі, што засланяў неба. Галоўнае, зацята думала Ільга, звыкла прыслухоўваючыся да сухога рыпення лука, самае галоўнае, каб не адстаў. Каб не згубіў след і шалу да самага канца, да Калінавага моста.

За прагалам цмок упаў — паваліўся цяжка, як камень, ламаючы хвоі і яліны. Забіўся з вісклівым лямантам, ушчэнт крышыў страшэннымі ўдарамі крылаў і хваста ўсё вакол — векавыя дрэвы, валуны. Ад бяссільнай злосці грыз зямлю, душыўся ўласным агнём і атрутаю. Ільга, прыпыніўшыся на лясным пагорку, чакала, пільна сачыла за зверам паверх насцярожанага лука і, як толькі цмок падняўся на лапы, стрэліла — раз, другі, трэці. Цмок засычэў, павярнуўся на дзіва імкліва для такой махіны. І рушыў, падвалакваючы падстрэленае крыло, на Ільгу бегма, з хуткасцю лепшага каня, і тугія канаты мышц шпарка ўзвіваліся пад блішчастаю лускаю. Ад такога відовішча пярэстая ўзбрыкнула пад сваёй вершніцай, захрыпела ад жаху, так што з храпы пасыпала пена.

Ільга ўладна нацягнула цуглі, пусціла кабылку ў галоп. Зямля скаланалася, страшна гула пад цяжкімі крокамі, ад пранізлівага рову і свісту закладвала вушы. Цмокава пашча раз ці два прагна шчоўкала над Ільзінай галавой, абдаючы невыносным смуродам, і тады пярэстая заходзілася ў гучным ржанні, яшчэ хутчэй, яшчэ часцей пачынала перабіраць точанымі нагамі. Ад удараў шыпастага хваста са стогнам і трэскам падалі дрэвы, і тады з крыкамі разляталіся птахі. Ненажэрны цмокаў агонь шугаў па траве, па кустоўю, караскаўся па галінах, спрабаваў, як і сам цмок, нагнаць, ухапіць і раздзерці.